Найти тему
надо знать

Стары млынар

Максім быў малодшым сынам у вялікай сялянскай сям'і. Старэйшыя браты ўжо ажаніліся і аддзяліліся. Зямлі засталося мала.

— Дай мне якое добрае рамяство, тады я і без надзелу змагу пражыць, — аднойчы сказаў бацьку Максім.

За вёрст пятнаццаць ад вёскі стаяў стары млын. Млынару быў патрэбны памочнік, але людзі баяліся аддаваць туды дзяцей, бо казалі, што гаспадар знаецца з нячыстай сілай.

— Рамяству ён мяне зможа навучыць? — спытаў Максім.

— Чаму ж не? Млынар ён слынны, — адказаў бацька.

Назаўтра пад вечар яны ўжо былі ля млына. Ім насустрач выйшаў гаспадар, дзядзька Тодар. Грошай ён з бацькі не ўзяў, але і сам плаціць адмовіўся. Бацька хутка развітаўся і паехаў.

Раніцай Максім і дзядзька Тодар хуценька паснедалі, і пачалася работа. Максім цягаў мяшкі са збожжам, ссыпаў іх у жорны, потым напаўняў мяшкі мукою.

Недзе ў абед прыехала падвода. Каня паганяла кабета. Яна бесперапынна лаяла свайго мужыка, які спаў сярод мяшкоў. На краі воза сядзела прыгожая дзяўчына. Максім міжволі загледзеўся на яе. Кабета расштурхала свайго мужыка і загадала несці мяшкі са збожжам на млын. Ён узваліў на спіну вялізны мяшок, але праз некалькі крокаў паслізнуўся. Тады кабета падхапіла мяшок і павалакла яго.

— Дайце, я дапамагу вам, цётачка, — прапанаваў Максім.

— Адыдзіся, — адказала кабета. — Ведаю я вас, млынароў. Тры шкуры потым за дапамогу здзераце.

Максім моўчкі адступіўся, да таго ж гаспадар канчаткова прачнуўся і сам занёс на млын астатнія мяшкі.

Да вечара работы было многа, а як сцямнела, дзядзька Тодар і Максім пайшлі на бераг. Максім распытваў дзядзьку аб сакрэтах млынарства. Успомнілі падзеі дня, прыгадалі і кабету, што сама хацела несці мяшкі на млын.

— Не дай Бог такую жонку, — уздыхнуў Тодар. — А вось дачка ў яе ціхая, рахманая.

Дзядзька раптам замаўчаў, ўглядаючыся кудысьці за вогнішча. Максім падняў вочы і ўбачыў тую, пра каго яны пачалі гаварыць.

— Хадзі бліжэй, дачушка, сядай, зараз будзем вячэраць, — сказаў дзядзька Тодар.

— Не, не, я толькі на хвіліначку, папрасіць прабачэння за мачыху...

— Ды кінь ты, я на млыне розных людзей сустракаю. Сядай, сядай. Як клічуць цябе?

— Антося.

Тодар частаваў Антосю, распытваў пра сям'ю. Максіму таксама хацелася падтрымаць размову, але ён не мог — язык нібы прысох да паднябення. Нарэшце ён наважыўся:

— Дзядзька Тодар, можна, я скрыпачку прынясу?

— Давай нясі. Чаму ж не?

Максім іграў прыгожыя сумныя песні, Антося і дзядзька Тодар спявалі.

— Ну, годзе, годзе, — сказаў Тодар. — Мы павінны падумаць, Максім, як даставіць нашу госцю дадому. Цёмна ўжо.

— Не хвалюйцеся, дзядзечка, наш хутар блізка. Дзякуй вам за ласку. — I Антося нібы растала ў паветры.

Наступныя дні Максім працаваў старанна, але быў маўклівы. Антося стаяла перад яго вачамі…

Ён схіліўся над жорнамі і раптам пачуў вясёлы голас дзядзькі Тодара:

— Антосечка, добры дзень! Як ты тут апынулася?

— У нядзелю мае бацькі ладзяць вечарынку. Ці не згодзішся ты, Максім, прыйсці да нас са скрыпкай?

— Я прыйду, — сказаў Максім.

I вось ён на запаветным хутары. Ён садзіцца побач з іншымі музыкамі, і пачынаюцца полькі і кадрылі, ад якіх мігціць у вачах.

Калі моладзь стамілася ад танцаў, сталі гуляць у «Яшчура». Хлопцы пачалі ганяцца за дзяўчатамі. Толькі Максім злавіў Антосю за плечы і павярнуў тварам да сябе, як стукнулі дзверы, і голас мачыхі салодка праспяваў:

— О, якія госці да нас! Антося, хадзі хутчэй сюды!

У дзвярах стаяў пан Гадзюкевіч. Максім вымушаны быў адпусціць Антосю, і яна падышла да бацькоў.

Вечарынка працягвалася, але стала сумнай. Гадзюкевіч, як той клешч, прыліп да Антосі і не адыходзіў ад яе. Як толькі можна стала, Максім пайшоў дадому.

Зноў пачалася праца, старанная, але маўклівая. I вось аднойчы, калі Тодар паехаў на кірмаш, з'явілася Антося.

— Я ўцякла з дому, — сказала яна. — Мачыха хоча аддаць мяне за Гадзюкевіча.

— Пакуль ля млына народу многа, схавайся ў будане. А там і дзядзька Тодар вернецца, ён што-небудзь параіць.

К вечару людзі разышліся.

— Выходзь, Антося, — гукнуў Максім. — Павячэраем.

Антося выйшла з будана. Раптам выскачыў сабака, за ім паспяшала мачыха, а за ёй ішлі два гайдукі пана Гадзюкевіча.

— Дык вось ты дзе, бессаромніца, бацькоў кінула, жаніха кінула...

— Ён не жаніх мне! Чым за яго ісці, лепей у вір!

I Антося кінулася ў ваду. Максім нырнуў і ўхапіў яе за руку. Ён хацеў выплысці, але вада віравала і цягнула пад бераг. Раптам нейкая сіла падхапіла іх і панесла ўверх па рацэ. Іх занесла за паварот, адкуль ужо не было відаць млына, і яны апынуліся на мелкім месцы ў трыснягах. 3 млына даносіўся лямант мачыхі і голас дзядзькі Тодара:

— Ну што, дабілася свайго? Ідзі дадому. Віры адпускаюць тапельцаў толькі раніцай.

Праз некаторы час Антося і Максім убачылі човен дзядзькі Тодара. Доўга яны плылі. Нарэшце дзядзька Тодар увёў човен у невялікую затоку і спыніўся.

— А цяпер адкажыце мне шчыра, — сказаў ён. — Максім, ты кахаеш Антосю?

— Кахаю, але...

— Але ты не можаш даць ёй ні зямлі, ні хаты, ні грошай.

— Так.

— А ты, Антося, кахаеш Максіма?

— Кахаю.

— I пойдзеш за яго замуж, нягледзячы на яго беднасць?

— Пайду.

— Калісьці і я быў малады і кахаў дзяўчыну. Яе таксама хацелі выдаць за пана. Дзяўчына доўга не згаджалася, але пайшла з гэтым панам пад вянец і загубіла сваё жыццё. Я не хачу, каб Антосю спаткаў такі ж лёс. I цябе, Максім, я палюбіў, як сына. Вось што мне прынесла... рэчка. Дзядзька Тодар вынуў з кішэні торбачку. У ёй былі залатыя манеты.

— Вы пойдзеце да бліжэйшага млына, — сказаў дзядзька, — гаспадар прадае яго разам з хатай. Але раней зойдзеце ў царкву, там святар, мой сябра, абвянчае вас, каб ніхто не мог вас разлучыць.

— Дзядзька, — сказаў узрушаны Максім. — Чым мы можам аддзячыць вам?

— А ты думаеш, лёгка ў маім узросце жыць без сям'і? Цяпер у мяне будуць дзеці, унукі, будзе хата, дзе я стану жаданым госцем. Хіба гэтага мала? Ну, бывайце, мне трэба вяртацца.

— Бывайце! — адказалі Максім і Антося. — Чакаем вас у госці!