Найти в Дзене
Hrodna.life

🇵🇱 160 год з дня нараджэння палітычнага авантурніка, польскага генерала і ўраджэнца Гродзеншчыны Люцыяна Жалігоўскага

🇵🇱 160 год з дня нараджэння палітычнага авантурніка, польскага генерала і ўраджэнца Гродзеншчыны Люцыяна Жалігоўскага

Люцыян Жалігоўскі нарадзіўся 17 кастрычніка 1865 года ў фальварку Пераходы (сёння 🐻 Смаргонскі раён). Паходзіў са старога шляхецкага роду. У Расейскай імперыі зрабіў вайсковую кар’еру: удзельнічаў у Руска-Японскай і Першай сусветнай войнах, а падчас Грамадзянскай — ваяваў з бальшавікамі на Кубані, ва Украіне і Беларусі, дзе камандаваў 1-й Літоўска-беларускай дывізіяй.

Асаблівую вядомасць атрымаў дзякуючы авантуры Юзэф Пілсудскі — стварэнню квазі-дзяржавы, якая праіснавала 18 месяцаў. Восенню 1920 года генерал нібыта па сваёй ініцыятыве заняў Вільню і абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы, якой было наканавана далучыцца да Польшчы.

Паводле дэкрэту Жалігоўскага, тэрыторыя новай дзяржавы ўключала 14 гмін Браслаўскага, па адной гміне Вілейскага і Дзісненскага паветаў, 19 гмін Віленскага павета, Трокскі павет, гміны Лідскага павета на правым беразе Нёмана і 8 гмін Гродзенскага павета. Пазней мяжа была зрушаная на поўнач — па лініі Алкенікі — Беняконі — Дзевянішкі — Трабы — Лебедзі — на захад ад Маладзечна і Вілейкі, затым на поўнач да Казян і Заходняй Дзвіны, на захад ад Друі. У выніку Сярэдняя Літва поўнасцю ці часткова ахоплівала Ашмянскі, Свянцянскі, Трокскі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі паветы. Яе тэрыторыя складала каля 10 тыс. км² з насельніцтвам каля 530 тыс. чалавек, 40 % з якіх былі беларусы.

Новая краіна складалася з 10 паветаў. Акрамя Вільні, найбольш буйнымі гарадамі былі Трокі, Смаргонь і 🐂Ашмяны. 20 лютага 1922 года сойм Сярэдняй Літвы прыняў рашэнне аб яе далучэнні да міжваеннай Польшчы.

Пазней Жалігоўскі быў дэпутатам польскага Сойму, а ў 1939 годзе эміграваў у Вялікабрытанію. Памёр у Лондане 9 ліпеня 1947 года.

Фотапатрэт Люцыяна Жалігоўскага расфарбаваны з дапамогай ШІ.