Найти тему

Валянціна Пазнанская з Крэва: «Дзякую Богу за тое, што навучылася радавацца маленькім рэчам, якія робяць наша жыццё асаблівым»

Вясной Валянціне Пазнанскай споўнілася 80 год, апошнія 53 з якіх яна пражыла ў Крэве.

Нарадзілася жанчына ў вёсцы Мысіншчына Крэўскага сельсавета. Там жа скончыла мясцовую васьмігодку. Сям'я ў Валянціны Пятроўны была вялікай – яна, шэсць сясцёр і брат.

– Дзяцей у хаце было шмат, але ніхто з іх не быў абдзелены бацькоўскай любоўю. Мама з татам аднолькава адносіліся як да старэйшых, так і да малодшых. Праўда, малых песцілі больш, але любілі ўсіх аднолькава. А калі, хто якую шкоду ўчыніць, то каралі таксама аднолькава, негледзячы на ўзрост. Мы з дзяцінства бачылі бацькоўскую справядлівасць, на ёй былі выхаваны, яе прывівалі потым ўжо сваім дзецям, – зазначыла Валянціна Пазнанская.

Выйшла замуж Валянціна Пятроўна, як у тыя часы казалі, «позна» – ажно ў 25 гадоў. Будучага мужа яна спаткала ў бальніцы. Мікалай Пазнанскі там працаваў вадзіцелем і неяк прыехаў наведаць сваю састарэлую маці. Мужчына ўбачыў маладую дзяўчыну і адразу ж закахаўся.

– Мікалай быў старэйшы за мяне на 20 гадоў. Я бачыла, што ён ужо не малады, але каб на столькі… Выглядаў ён добра, паводзіў сябе сціпла. Мікалай спачатку не казаў мне пра свой узрост. Магчыма, баяўся, што я не прыму яго. Але потым неяк прызвычаіліся да гэтага.

За час сямейнага жыцця ў Мікалая і Валянціны Пазнанскіх нарадзіліся двое дзяцей – Таццяна і Міхаіл. Дачка зараз разам з мужам і двума сынамі жыве ў Маладзечна. Сын працуе на будоўлі ў Санкт-Пецярбургу. Апошні раз прыяжджаў да маці ў Крэва вясной.

– І бацька яго да жаніцьбы 25 гадоў працаваў у Ленінградзе на паравозе і так позна жаніўся, а зараз і сын там. Магчыма, па-бацьку пайшоў, цягне яго туды, – жартуючы зазначыла Валянціна Пятроўна. – Вясной, калі прыяжджаў да мяне, то так добра было: і агарод пасадзілі разам, і па гаспадарцы тое-сёе дапамог. Гэта зараз я толькі курачак і сабачку трымаю, а раней і карова, і свіні былі.

Успамінаючы пражытыя гады, Валянціна Пазнанская зазначае, што сямейнае жыццё для яе стала дзіўным падарожжам, поўнае не толькі радасцяў, але выпрабаванняў і ўрокаў.

– Я пражыла доўгае і насычанае жыццё, і цяпер, калі я азіраюся назад, разумею, што кожны год, кожны дзень і кожная хвіліна былі бясцэннымі. Я ўдзячная за ўсё, што ў мяне было: за каханне родных і сяброў, за досвед, які набыла. Дзякую Богу за тое, што навучылася шанаваць кожны момант і радавацца маленькім рэчам, якія робяць наша жыццё асаблівым, – зазначыла Валянціна Пазнанская.

Сяргей ЮРЭВІЧ

Фото аўтара