Найти тему
Я читаю

Шэрая і сумная бязвыхаднасць у Кадзуа Ісігура

Cумнай, але глыбокай гісторыяй пра смутак чалавечага існавання Кадзуа Ісігура называе свой раман "Не адпускай мяне". Мне здаецца, ёсць яшчэ нешта, над чым тут варта паразважаць – што робіць чалавека чалавекам...

Кэці Х. 31 год і яна працуе кампаньёнкай – дапамагае донарам прайсці рэабілітацыю пасля трансплантацыі органаў (у кнізе гэта называецца данацыяй). Адметна, што яе падапечныя, як і яна сама, з'яўляюцца клонамі, якіх стварылі толькі дзеля таго, каб за кошт іх жыццяў ратаваць людскія.

У клонаў няма душы – так лічыць грамадства. Але напрацягу апавядання бачна: гэта не так. Кэці пераказвае ўсё сваё жыццё, пачынаючы з 5-гадовага ўзросту ў Хэйлшэме – інтэрната, дзе яна гадавалася, вучылася, займалася творчасцю. Побач з ёй мы заўсёды бачым яе лепшых сяброў – Рут і Томі, іншых клонаў, а таксама выхавальніц.

Цікава, што героі ведаюць: хутка іх чакае рэалізацыя (такое слова выкарыстоўвае Ісігура замест слова "смерць"), але не бунтуюць і нават не намагаюцца збегчы. Чаму так? Па-першае, ім з дзіцінства паступова тлумачылі пра мэту іх існавання. Па-другое, яны не бачаць сябе замяжой гэтага свету, свету клонаў. У дзяцінстве яны яшчэ марылі атрымаць прафесію, недзе працаваць. Але ўрэшце мары абмежаваліся пошукам іх "арыгіналаў".

Магчыма, героі вырашылі, што іх лёс – дастойны сыход з недастойнага свету. Але існуе думка, што з годнасцю можна толькі жыць, з ёю нельга памерці (рэалізавацца).

Я злавалася на апатычнасць герояў. І на безэмацыянальнасць Кэці. Яе душэўны стан роўны напрацягу ўсяго рамана, нягледзячы на ўсё, што адбываецца. Павольнае апавяданне толькі спрыяе такому настрою. Іх дарослае жыццё ў маім уяўленні было толькі ў шэрых колерах. Шэрыя катэджы, шэрыя дарогі, шэрыя палаты, шэры Норфалк. Сонца выступіла толькі на момант, калі Томі і Кэці паехалі да мадам, каб атрымаць адтэрміноўку ад данацый...

Раман напісаны без згадвання будучыні. У герояў ёсць толькі мінулае і сучаснае. Але я аптымістка і ўсё ж такі малявала штрыхі будучыні. Пранізлівы, кранаючы твор, але спадабаецца ён, безумоўна, не ўсім.

Сімвалічнае месца займае радок з песні Джудзі Брыджуотэр "Never let me go". Я ўбачыла яго сэнс ў дзвюх сюжэтных лініях. Магчыма, яго болей?

P.S. Ёсць нядрэнны аднайменны фільм 2010 года з шыкоўнымі акцёрамі – Кэры Маліган, Кірай Найтлі і Эндру Гарфілдам. Менавіта такімі я бачыла Кэці, Рут і Томі. На жаль, пасля прачытанай кнігі кіно для мяне было склейкай абрыўкаў з важнымі перайначанымі кавалкамі сапраўднай гісторыі і нераскраскрытымі цалкам персанажамі. Але паглядзець раю. Фільм эмацыянальны.

Кадзуа Ісігура "Не адпускай мяне"
Кадзуа Ісігура "Не адпускай мяне"