Найти тему
novychas.by

Хто хоча на лаву падсудных?

У 34-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС не аднаму мне падаецца, што тая гісторыя нічому не навучыла нашы ўлады. Падабенства дзеянняў уладаў СССР/БССР у час аварыі на ЧАЭС і сённяшняй у сітуацыі з каронавірусам уражвае.

Кадр з серыялу «Чарнобыль»
Кадр з серыялу «Чарнобыль»

Цяпер мы нібыта аказаліся ў красавіку 1986-га. Мы бачым тыя ж дзеянні — дакладней, бяздзеянне — уладаў у спробах захаваць свае цёплыя месцы і не дапусціць «панікі», замест таго, каб аператыўна і дакладна распавядаць людзям праўду. Праўда — непрыемная, але надзвычай моцная зброя супраць панікі. Прынамсі, яна дае магчымасць кожнаму ацаніць сітуацыю і дзейнічаць у адпаведнасці з ёю. А менавіта адсутнасць інфармацыі і выклікае паніку — калі людзі не ведаюць, што рабіць, як дзейнічаць, куды бегчы.

Падаецца, што, як і ў час Чарнобыльскай аварыі, сённяшнія ўлады спрабуюць «замаўчаць» сітуацыю з COVID-19 у краіне. Прычым — на ўсіх узроўнях.

Цяпер Міністэрства аховы здароўя, як і тады, не падае грамадству своечасовай інфармацыі па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне. Журналістам ужо надакучыла скардзіцца на «рэбусы ад Мінздароўя» ды самастойна вылічваць колькасць хворых, шпіталізаваных, памерлых. Заклікаючы «не наведваць ачагі інфекцыі», чыноўнікі, у той жа час, не кажуць, дзе тыя «ачагі», і, адпаведна, як іх пазбегнуць. Тое самае было і ў час аварыі на ЧАЭС: грамадзянам Беларусі не казалі нічога — і яны павінны былі рабіць высновы і прымаць захады бяспекі, карыстаючыся супярэчлівымі чуткамі. Сапраўдная інфармацыя была даступная толькі вузкаму колу набліжаных да ўлады.

Сяргей Навумчык, у 1990 годзе чалец камісіі Вярхоўнага Савета тады яшчэ БССР па ацэнцы дзейнасці службовых і іншых адказных асоб у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС, узгадвае ў сваёй кнізе «Дзевяноста першы»: «Мы атрымалі абсалютна дакладныя звесткі, што ў Крамлі ўжо ў самыя першыя дні мелі дастаткова поўную інфармацыю пра ступень небяспекі, і менавіта адтуль пайшла жорсткая каманда: маўчаць! Паступова перад намі вымалёўвалася карціна суцэльнага падману, куды, як у варонку, уцягваліся партыйныя сакратары, міністры, навукоўцы, лекары. У Беларусі механізм хлусні кантраляваўся кампартыяй і КДБ».

А медыкам тады забаранялі казаць пра сапраўдныя маштабы катастрофы і супрацьрадыяцыйныя захады. Як і цяпер пра COVID-19. «Сакрэцяць» нават тое, што неабходна самім медыкам. Паказальная ў гэтым сэнсе тэлефанаграма галоўнага ўрача Жлобінскай ЦРБ Яўгена Топчыя, якая трапіла ў сеціва, — ён забараняе сваім падначаленым даваць інфармацыю пра наяўнасць альбо адсутнасць у бальніцах сродкаў індывідуальнай абароны!

І — «вішанька на торце». У 1986-м, з мэтай «не дапусціць панікі» і гэтак далей, камуністычныя ўлады БССР не адмовіліся ад правядзення ў краіне першамайскіх дэманстрацый. У выніку ўдзельнікі тых дэманстрацый у раёнах, якія падпалі пад радыяцыйнае заражэнне — у большай ці меншай ступені, — хапанулі сваю дозу радыяцыі. Якой, як тады казалі, «не бачна».

Сённяшняя ўлада дзейнічае па тым жа сцэнары. У нас прайшоў Вялікдзень, у час якога правадыр «размаўляў з народам», — але чамусьці не ў звыклым мінскім саборы, а ў Свята-Благавешчанскім Лядзенскім храме ў Смалявіцкім раёне. Некаторыя мясцовыя ўлады запатрабавалі 25 красавіка (акурат перад гадавінай Чарнобылю!) зладзіць суботнік. А пра парад на 9 траўня і ўвогуле казаць не даводзіцца — гэта яскравая і даволі празрыстая паралель паміж першамайскімі мітынгамі 1986-га і парадам 2020-га…

Але мы можам і ўзгадаць, чым усё гэта скончылася. У выніку ў аварыі на ЧАЭС абвінавацілі «стрэлачнікаў»: дырэктара станцыі Віктара Бруханава, яго намесніка Анатоля Дзятлава, галоўнага інжынера Мікалая Фаміна, начальніка змены Барыса Рагожкіна, начальніка рэактарнага цэху №2 Аляксандра Каваленку і інспектара Дзяржатамэнерганагляду Юрыя Лаушкіна. Яны і селі на лаву падсудных. А вось тыя, хто прымаў рашэнні па «засакрэчванні» інфармацыі, па вывадзе людзей на першамайскія дэманстрацыі — першы сакратар ЦК КПБ Слюнькоў, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Таразевіч, старшыня Савета міністраў Кавалёў і іншыя, — адказнасці пазбеглі.

Гэта, між іншым, таксама ўрок — урок сённяшнім медыкам, якія падпарадкоўваюцца загаду «маўчаць і не распальваць паніку». Менавіта тыя, хто цяпер маўчыць, у выніку могуць аказацца на лаве падсудных. «Стрэлачнікі» ў нас заўсёды прызначаюцца лёгка.

Аўтар Сяргей Пульша, https://novychas.by/hramadstva/hto-hocza-na-lavu-padsudnyh

Новы Час” — адзіная штотыднёвая недзяржаўная беларускамоўная газета. Наш сайт — novychas.by
Падтрымайце нас:
падпішыцеся на наш канал
пастаўце 👍
распаўсюд артыкулаў у сацыяльных сетках і месэнджэрах шчыра вітаецца!
Твой час — твой лёс!