Найти тему

Светлагорск: 30 год таму і сёння (частка I)

Мой сябар Тэльман Маслюкоў даслаў мне інтэрнэт-спасылку на цікавы артыкул. Гэта матэрыял з часопіса “Змена” (“Смена“) за чэрвень 1980 года (№1273) журналіста Уладзіміра Буты пад назовам “Інтэрв’ю дае Светлагорск” (“Интервью даёт Светлогорск”) [1]. Як вы павінны здагадацца, напісаны ён 30 год таму пры СССР і прысвечаны 20-гадоваму юбілею атрымання статуса горада Светлагорскам.

“Што ў артыкуле праўда, а што - прапаганда? Што спраўдзілася за 30 год, а што так і засталася ў марах? Якія радасці, адкрыцці і якія выпрабаванні давялося зведаць гораду? Пра ўсё гэта ты мог бы напісаць новае цікавае эсэ”, - параіў мне сябра. І я ўзяўся за працу.

“Раскаваны” апавядальнік

Артыкул “Інтэрв’ю дае Светлагорск” Уладзіміра Буты напісаны прафесійна па канонах тагачаснай савецкай журналістыкі. Вядома, і прапаганды ў ім хапае. Горад у матэрыяле паўстае жывой істотай, якая вядзе аповед пра сябе - дае інтэрв’ю. Уладзімір Бут называе Светлагорск “адораным”, “раскаваным” апавядальнікам – такое ў яго ствараецца ўражанне ад жыхароў.

Вось як 30 год таму апавядалася пра ўзрост нашага горада: “Нарадзіўся я ў сакавіку 1954 года, у той дзень, калі на вуліцах закінутай у палескай глухмені вёскі Шацілкі з’явіліся першабудаўнікі знакамітай цяпер на ўсю Беларусь Васілевіцкай ДРЭС... Горадам, праўда, мяне прызналі не адразу. Праз шэсць гадоў. Але і калі трымацца “метрыкі”, мне ўжо дваццаць!”

Вядома, аб тым, што ўпершыню Светлагорск пісьмова згадваецца ў 1560 годзе, тады не ведалі. Гэту дату адшукаюць толькі ў 1989 годзе. Але для нас цікава вось што: 30 год таму не ведалі, калі ж нарадзіўся горад Светлагорск? Выбар чамусьці стаяў паміж 1954 і 1960 гадамі? Хаця Шацілкі ўпершыню атрымалі статус гарадскога пасялення - сталі пасёлкам гарадскога тыпу ў 1956 годзе, а атрымалі статус горада і былі пераўтвораны (пераназваны) ў Светлагорск ў 1961-м годзе. Журналіст Уладзімір Бут не ведаў нават гэтых дат.

 Указ ад 29 ліпеня 1961 г. аб пераўтварэнні Шацілак у Светлагорск і пераназванні Парыцкага раёна ў Светлагорскі.НАРБ. Фонд. 968. Воп. 1.  Спр. 484.
Указ ад 29 ліпеня 1961 г. аб пераўтварэнні Шацілак у Светлагорск і пераназванні Парыцкага раёна ў Светлагорскі.НАРБ. Фонд. 968. Воп. 1. Спр. 484.

Хіміяй ужо не пахне

Сёння можна казаць, што за 30 год горад пакуль не страціў свой гонар у “арыгінальнасці планіроўкі яго жылых масіваў, так прыемна непадобных на тое, што, на жаль, часцяком можна сустрэць у іншых гарадах” - маецца на ўвазе шахматны парадак мікрараёнаў, паміж якімі ёсць лясныя дзялянкі; што пакуль мы можам “дыхаць моцным настоем ігліцы”. Хаця з будаўніцтвам мікрараёнаў 6А, 8 гэты прынцып парушаецца.

У артыкуле мы знаходзім цікавую інфармацыю, якая мусіць быць карысна тым, хто прымае рашэнне па будаўніцтве завода беленай цэлюлозы: “Вось ён, увесь на далоні, у мяне - прасторны, чысты, спланаваны ў добрай згодзе з ружай вятроў - у горадзе хімікаў хіміяй ніколькі нават не пахне: яго прамысловая зона аддзелена ад жылых кварталаў больш чым двухкіламетровай зялёнай зонай”. Болей за два кіламетры аддзяляюць прамысловую зону ад жылых кварталаў – ці не занадта мала, каб выратавацца ад смуродзі, якую хочуць пабудаваць? Пакінем на сумленні журналіста пасажы ў бок чыстага паветра ў Светлагорску. Але істотныя перамены пасля 30 год сапраўды адбыліся: у горадзе ўжо не пахне “славутым” серавугляродам! 1 красавіка 2011 года спынена вытворчасць віскозных нітак на ВА “Хімвалакно”. Той прадукцыі, з якой пачынаўся завод штучнага валакна ў 1965 годзе, - ужо няма. Дарэчы, гэта істотная падзея для горада засталася без увагі мясцовых СМІ.

Нягледзячы на суцэльныя дыфірамбы, якія спявае нашаму гораду аўтар, неяк дзівосна прачытаць, што светлагорскія мікрараёны “нібы прызначаныя для еўрапейскага круізу караблі - шматпалубныя, са святочна расфарбаванымі фасадамі, - выплывуць раптам з-за чырвонастволля хвой”. У савецкіх журналістаў нават 30 год таму вельмі моцна адчувалася настальгія па еўрапейскасці?

Леўчык з “жылістымі рукамі рабочага”

Згадванне спаленай вёскі Ала ў наступных радках – чыстай вады прапаганда і даніна савецкім журналісцкім канонам. Якое дачыненне 20-годдзе Светлагорска мае да спалення Алы ў гады Другой сусветнай вайны? І прычым тут узгадка Хатыні?

Далей аўтар вельмі ў савекцім духу ідзе да партыйнага кіраўніка горада – “першага сакратара гаркама камуністычнай партыі Уладзіміра Канстанцінавіча Леўчыка”. Апісанне былога партыйнага боса, безумоўна, мае для нас вялікую каштоўнасць: “каржакаваты, з энергічным тварам, жылістымі рукамі рабочага, валявы, дынамічнай натуры чалавек, ён крута пачаў. У першы ж дзень па яго патрабаванні на бюро гаркама партыі камусьці далі “страгача”, кагосьці знялі з працы”.

Уладзімір Леўчык (другі зправа) на адкрыцці светлагорскага музея.
Уладзімір Леўчык (другі зправа) на адкрыцці светлагорскага музея.

А вось і недахопы горада, якія на той час адкрыта абмяркоўваліся ў сродках масавай інфармацыі - у дакор сённяшняму посткамуністычнаму застою: “...у трэцім мікрараёне дамы № 40 і 29 у праектнай дакументацыі значацца дзевяціпавярховымі, а на справе ў кожнага на чатыры паверхі менш... У нас працуюць дзве школы рабочай моладзі... без будынкаў школ. Не мае свайго памяшкання і адзіны ў горадзе тэхнікум. Туліцца на “падсяленні” ў гарадской бібліятэцы музычная школа”.

Праз 30 год мы павінны прызнаць, што тэхнікум стаў каледжам і даўно мае сваё памяшканне, зрэшты, як і музычная школа (школа мастацтваў), якая выхавала мноства пераможцаў міжнародных конкурсаў.

Будаўніцтва музычнай школы (1986 год).
Будаўніцтва музычнай школы (1986 год).

Вячэрняя школа ў нас зараз адна і знаходзіцца ў СШ №6. Былое памяшканне вячэрняй школы, якое месцілася ў інтэрнаце, зусім нядаўна здалі ў арэнду прадпрымальнікам. Там зараз адчынены крамы. А дамы №40 і 29 у “Моладзевым” мікрараёне так і засталіся пяціпавярховымі.

Партыйны кіраўнік – ідэал савецкага грамадства

Уладзімір Леўчык паўстае ў матэрыяле як мудры кіраўнік і разумны партыйны начальнік, які спачатку сваёй кар’еры быў крыху рэзкім да падначаленых. А развагі аб цяжкасцях падаюцца абстрактна, падкрэсліваючы вялікую ролю ў вырашэнні іх кіраўніка: “Ну а сам Леўчык? Ён таксама шмат у чым змяніўся. Іншым стаў яго падыход да людзей. У час, калі цяжкасцей, здавалася, не будзе канца, калі справіцца з імі ўяўлялася магчымым, толькі апелюючы да кагосьці ў Мінску, а то і ў Маскве, любы, нават не гэтакі сур’ёзны промах «свайго» гаспадарніка вырастаў у вачах сакратара ў нешта большае, спараджаў сумнеў у здольнасці работніка выправіць памылку. Цяпер ён сам называе гэта прыватным “прабелам у чалавеказнаўстве”, пра штосьці шкадуе, вінаваціць сябе за былую гарачнасць, рэзкасць. Пераацэнка кранула самае важнае: не толькі ён, Леўчык, думае, перажывае, марнуе нервы, тое ж самае робяць і іншыя з ім побач - дзеля поспеху агульнай справы”.

Партыйны кіраўнік у публікацыях таго часу – ідэал савецкага грамадства. Ён заўсёды мае рацыю, думае пра народ, дзеля пабудовы шчаслівага савецкага дабрабыту.

“Святло – разумееш?”

А вось і класічнае тлумачэнне назвы горада ў савецкі час. У публікацыі яно пададзена ад імя Светлагорска: “Гэта вуліца Леніна. З яе я пачынаўся. Зрэшты, не з яе, а, як ты ўжо ведаеш, з будаўніцтва Васілевіцкай ДРЭС, якая выпрацоўвае цяпер амаль столькі электраэнергіі, колькі давалі ўсе электрастанцыі Расіі ў 1913 годзе. Ад ДРЭС і пайшла назва горада. Святло - разумееш?” Сёння мы гэта цудоўна разумеем, толькі вось хацелася б пачуць тлумачэнне другой часткі назвы горада – «горск».

Апісанне старога горада падаецца, як адсталасць: “Падабаюцца табе гэтыя двухпавярховыя хаткі? Добрыя, праўда? А яны ж між іншым нават не ўчарашні, а заўчарашні дзень майго жыллёвага будаўніцтва. Як і што я будую зараз, ты яшчэ ўбачыш”. Вось тут ніяк не хочацца пагадзіцца з аўтарам. Гэтыя двухпавярховыя домікі сёння вельмі каштоўныя для Светлагорска. Такіх будынкаў няма ні ў адным горадзе. Стары горад у перспектыве можа стаць месцам масавага адпачынку гараджан: з вялікай колькасцю кафэшак, бараў і кухняў хуткага прыгатавання. Толькі дахі будынкаў трэба накрыць чарапіцай замест шэра-чорнага зношанага часам і таму месцамі пабітага шыферу. Вось была б сапраўдная еўрапейскасць! Вядома, цэнтральная вуліца не можа насіць імя крывавага дыктатара Леніна і яго паслугачоў.

У матэрыяле Уладзіміра Буты мы знаходзім звесткі пра музей, які “яшчэ толькі-толькі з’явіўся, у памяшканні яшчэ не выветрыўся пах свежай фарбы, небагатыя пакуль сціпла аформленыя экспазіцыі. Але ён ужо гасцінна расчыніў дзверы. Маладому гораду не трываецца хутчэй прадставіць на ўсеагульны агляд рэчыўны летапіс сваёй гісторыі. А яго маладым жыхарам - прачытаць яго”.

Адкрыццё светлагорскага музея (1980 год).
Адкрыццё светлагорскага музея (1980 год).

Сёння мы маем рэканструяваны будынак музея, знешняму выгляду якога можа пазайздросціць любы раённы цэнтр. Але музей пакуль недабудаваны, і гэта цягнецца болей за дзесяцігоддзе, зусім як і ў савецкі час.

“Па просьбе маладых будаўнікоў”

“А што тут было раней?” – пытаецца аўтар, чамусьці прыгадваючы факты савецкага часу. Шацілкамі тады ніхто не цікавіўся: ні партыйныя кіраўнікі, ні прыезжыя журналісты. Савецкі час больш жыў камуністычным мінулым: “Ужо праз чатыры гады пасля пачатку будаўніцтва Васілевіцкая ДРЭС дала ток.

Мільярдны метр корднай тканіны, выпушчаны на заводзе штучнага валакна ў 1978 годзе.
Мільярдны метр корднай тканіны, выпушчаны на заводзе штучнага валакна ў 1978 годзе.

А гэта мільярдны метр корднай тканіны, выпушчаны на заводзе штучнага валакна пазалетась (у 1978 годзе - заўвага мая). Побач - першыя разметачныя калкі на яго будпляцоўцы. Аб тым, што нараджаецца гігант беларускай хіміі, сведчылі тады толькі яе памеры - 66,6 гектара. А вось і імёны пачынальнікаў ударнай камсамольскай будоўлі, брыгадзіраў: Герой Сацыялістычнай Працы І. Хмарун, Г. Мітраховіч, У. Даніленка. І тых, хто прыняў ад іх эстафету натхнёнай працы, - дэлегат XXV з’езда КПСС ткачыха 3. Кіжнерава, круцільшчыца С. Майсеева, апаратчыца Н. Паўлава”.

Хоць Светлагорска падчас Другой сусветнай вайны не было, але гэта тэма для савецкага часу кананічная. Прыгадваць імёны герояў, што вызвалялі раён, неабходна як мага часцей. А тое, як камсамольцы змагаліся за вечнае залічэнне імёнаў герояў у свой калектыў, сёння можа выклікаць толькі ўсмешку.

З публікацыі Уладзіміра Буты вынікае, што шыльда з надпісам “з гэтага дома пачалося будаўніцтва Светлагорска” прымацавана не таму, што гэта сапраўды так было, а “па просьбе маладых будаўнікоў”, таму што ў гэтым доме “жыве першапраходзец тутэйшых месцаў, цяпер персанальны пенсіянер Сцяпан Мікалаевіч Сямашка”. Уладзімір Бут запрапагандаваўся ці так было насамрэч? Тады тое, што напісана на доме №15 па вуліцы Леніна, – хлусня.

Шыльда з надпісам “з гэтага дома пачалося будаўніцтва Светлагорска” прымацавана не таму, што гэта сапраўды так было, а “па просьбе маладых будаўнікоў”, таму што ў гэтым доме “жыве першапраходзец тутэйшых месцаў, цяпер персанальны пенсіянер Сцяпан Мікалаевіч Сямашка”.
Шыльда з надпісам “з гэтага дома пачалося будаўніцтва Светлагорска” прымацавана не таму, што гэта сапраўды так было, а “па просьбе маладых будаўнікоў”, таму што ў гэтым доме “жыве першапраходзец тутэйшых месцаў, цяпер персанальны пенсіянер Сцяпан Мікалаевіч Сямашка”.

Віктар Раманцоў. 7 траўня 2011 год.

Публікаваць цалкам без згоды аўтара забаронена. Дазваляецца часткова цытаваць. Спасылка на публікацыю абавязковая.

Крыніцы:

1. Владимир Бут. Интервью даёт Светлогорск // Смена. – №1273, Июнь 1980 – [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступа: http://smena-online.ru/stories/intervyu-daet-svetlogorsk – Дата доступа: 02.01.2020.

ПДФ-версія часопіса тут: http://smena-online.ru/sites/default/files/11_-_1980.pdf

Светлагорск: 30 год таму і сёння (частка II) тут: https://zen.yandex.ru/media/id/5c7a559667c02400b5de2483/svetlagorsk-30-god-tamu--sennia-chastka-ii-5e0e428bdddaf400b1f692cb

С подпиской рекламы не будет

Подключите Дзен Про за 159 ₽ в месяц