Найти тему
Наш край

Эвалюцыя практыкі варажбы ў знахарстве Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст.

У знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў большасці выпадкаў патрабавалася прагназаванне будучыні ці прадастаўленне адказу на пытанні, вырашыць якія звычайнаму чалавеку ўяўлялася немагчымым па прычыне адсутнасці ў яго неабходнай інфармацыі і доступу да яе. Таму ў такой сітуацыі і звярталіся менавіта да знахароў як людзей, спецыфічныя здольнасці якіх, па агульным ўяўленні, паходзілі ад падтрымання імі кантакту са звышнатуральнымі істотамі, якія і павінны былі дапамагчы вырашыць пэўную праблему. У такіх выпадках знахарамі звычайна выкарыстоўвалася варажаба як рытуал, накіраваны на ўсталяванне кантакту са звышнатуральнымі сіламі. Важнасць варажбы як знахарскай функцыі падцвярджаецца тым, што яна захавалася да нашага часу, нягледзячы на знікненне многіх знахарскіх функцый на працягу ХХ ст.

Мэта работы — прасочванне эвалюцыі варажбы ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў ХХ — пачатку ХХІ ст. У навуковай літаратуры дадзеная тэма спецыяльна не разглядалася. Крыніцамі для напісання работы паслужылі матэрыялы палявых этнаграфічных даследаванняў, якія праводзіліся аўтарам на тэрыторыі Беларускага Палесся ў 2004-2011 гг., а таксама апублікаваныя матэрыялы фальклорна-этнаграфічных даследаванняў Беларускага Палесся ў другой палове ХІХ — пачатку ХХІ ст.

Перш чым перайсці непасрэдна да вывучэння тэмы, неабходна адзначыць, што на тэрыторыі Беларускага Палесся ў першай трэці ХХ ст. вылучаліся два асноўныя тыпы «знаючых»: «шаптуны» і «знахары». «Шаптунамі» называлі знахароў, якія нібыта ўспрынялі магічныя здольнасці ад Бога ці хрысціянскіх святых. Іх асноўная функцыя — папярэджанне і лячэнне хвароб людзей і жывёлы, якія мелі натуральныя прычыны ці былі вынікам ненаўмыснага чаравання. Крыніцай магічных ведаў «знахароў» лічылі нячыстую сілу. Апошняя нібыта надавала такім людзям звышнатуральныя здольнасці, якія маглі выкарыстоўвацца як у станоўчым, так і ў адмоўным кірунках. Слова «знахар» было найбольш агульным для другога тыпу «знаючых». Адначасова дадзеная назва мела нейтральна-станоўчы сэнс і абазначала носьбітаў знахарскіх ведаў гэтага тыпу, дзейнасць якіх была накіравана пераважна на дапамогу людзям. Словы «вядзьмар», «чараўнік», «чарнакніжнік» мелі негатыўны сэнс і абазначалі «знахароў», дзейнасць якіх мела пераважна адмоўны характар. Назва «варажбіт» характарызавала спецыялізацыю «знахароў» у адной з іх асноўных функцый — варажбе [1], [2]. У сваёй дзейнасці абодва тыпы «знаючых» практыкавалі варажбу, якая магла быць як самастойным кірункам знахарскай дзейнасці, так і складовай часткай іншага рытуалу. Пры гэтым спосабы варажбы «шаптуноў» і «знахароў» адрозніваліся.

Спосабы варажбы, якімі карысталіся «шаптуны», не патрабавалі прамога кантакту са звышнатуральнымі сіламі. У большасці выпадкаў іх варажба мела на мэце пастаноўку дыягназу пры лячэнні на аснове маніпуляцый з рознымі прадметамі, самаадчування і паводзін «шаптуна» і яго пацыента пры лячэнні, сноў і т. п. Таму варажба гэтага тыпу «знаючых» у асноўным складалася з дыягназу і вызначэння прычын хвароб. Напрыклад, Драцэвіч Марыя Фамінічна (1928 г.н., в. Баландзічы Іванаўскага раёна) прывяла наступны спосаб выяўлення «сурокаў» у чалавека: «На воду шчэ кыдаюць, это ўродзе, кубок змеш воды, а жэр там у пэчы, чы ў грубэ, чы шчо. Да трэба зноў, это од урокаў, это ўродзе помыслы такіе. То трэба кыдаты чы там ложкою, чы ножыком дзеўяць жарынок такых, о у воду там, у кубок чы ў шчо. Кыдаеш у воду, то кажуць, як потонуць, то ныхто нэ сурочыў, а як плавае там скылько, то это тыі ўрокы» [3, арк. 101]. У выпадку, калі дыягназ паставіць не атрымлівалася, нездаровы стан пацыента тлумачылі «сурокамі» і т. п. Э. Яленьска, апісваючы практыку адной са знахарак вёскі Камаровічы, адзначае: «Калі не можа пазнаць, якая хвароба, прыпісвае гэта ўрачэнню» [4, с. 62]. Семіход Марыя Антонаўна (1928 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна, да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна) гаварыла, што «калі плоха станавілась, цемпература падымалась невядома ад чаго, дак казалі, што гэта мо ад людзей» [3, арк. 1]. Аналагічнымі былі спосабы варажбы «шаптуноў», якія выконваліся з іншай мэтай. Напрыклад, бабуля Цярлецкай Валянціны Антонаўны (1930 г.н., в. Дубае Пінскага раёна), каб вызначыць, ці падыходзіць яе ўнучцы шлюбны партнёр, кідала ў ваду хлеб, загадваючы пры гэтым, ці цяжарная першая жонка гэтага чалавека: «Моя стара бувало, вона хлеб кыдае, ну гэто можне хліб, вона ў воду кыдае <…>. Ну вона ў воду ўкідала, кажа: “Чы берэменна, чы будэ дэтына”? Ну то вона була берэменна, тая, яго перша жонка. То хлеб ўсплёў навэрх. А як патонэ, то кажэ, то нэма нычого, то нэма ныц» [3, арк. 109].

Падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс.Дзэне і будзеце ў курсе новых публікацый і даследаванняў!

Варажба «знахароў» адбывалася нібыта з дапамогай непасрэднага кантакту з нячыстай сілай. У крыніцах у якасці спосабаў усталявання такіх кантактаў згадваюцца сны, назіранне за зорамі, маніпуляцыі з рознымі прадметамі і рэчывамі. А.К. Сержпутоўскі наступным чынам апісвае варажбу «знахароў»: «І вось прымхлівы беларус пры кожным няшчасці ідзе да “ведзьмака” па параду і дапамогу. Той ламаецца, і толькі пасля моцнай просьбы налівае з бутэлькі шклянку вады, і ўважліва глядзіць у яе, як бы жадаючы ў шклянцы вады ўбачыць разгадку няшчасця чалавека. Доўга разглядвае, варочае шклянку, качае галавой для большай важнасці, і, нарэшце, аб’яўляе, што “вельмі моцно ўздзеяно”, і што, маўляў, у полі завіта “заломка”. Глядзіць яшчэ ў шклянку і кажа, у колькіх кроках стаіць “заломка” ад той ці іншай дарогі ці мяжы. Некаторыя “ведзьмары” вядуць прасіцеля ноччу ў лес, разводзяць там вогнішча, прамаўляючы адпаведныя замовы, і глядзяць то ў вогнішча, стараючыся разгадаць лёс гэтага чалавека» [5, с. 4]. Яшчэ адным спосабам варажбы з’яўляліся сны. П.В. Шэйн паведамляе наступныя звесткі аб варажбе «знахара» ў Мазырскім павеце: «Калі ўжо нарэшце знахар дасць згоду дапамагчы каму-небудзь, то бярэ ад яго хусту ці шалік і кладзецца спаць у асобным ад усіх пакоі. Праспаўшы гадзіну, дзве ці тры, ён устае і пачынае даваць парады і настаўленні звярнуўшымся да яго» [6, с. 259]. Так званая «саламяная баба» з вёскі Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна варажыла на печы з дапамогай саломы. Юшкевіч Марыя Андрэеўна (1927 г.н., в. Сярэднія Печы Лельчыцкага раёна) успамінае: «У нас у дзярэўні было й баба-ворожка ворожыла і на солому гадала, і ворожыла, і воду давала. А яна салому набярэ таку жменьку і круціць… і бачыць, шо ты… твою дзеўку тобе назове як яе зваць, на салому гледзячы» [3, арк. 37].

Яшчэ адным распаўсюджаным спосабам была варажба на картах. Фіцнер Вольга Іосіфаўна (1929 г.н., в. Грэбені Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Жмурнае Лельчыцкага раёна) так апісвае варажбу «знахара» на картах: «Вот колісь у Добровэ чэловек быў, еслі с коровой, то он просто гадаў, гадаў. І кажэ, ну он знаў багато шота, дед і гоўорыў і он кажэ, шо вот хто зробіў, яка масць корові, што і хто зробіў, ето вон усе кажэ. І вон даваў воду. І ета, я ходіла до ёго, до того деда Піліпа, ну ўжэ его даўно нема. І вон і помогаецца. Я стояла, вон там гадаў, ён на карты, раскінуў карты, на карты, потом кніжку чытае, доўго кніжку чытаў» [3, арк. 29].

Пры гэтым лічылі, што паколькі «знахарам» у варажбе нібыта дапамагае нячыстая сіла і чакалі іх, што яны могуць бачыць, напрыклад, будучыню без усялякіх маніпуляцый. П.В. Шэйн прыводзіць гісторыю, запісаную ў Мазырскім павеце Мінскай губерніі, згодна з якой два браты паехалі да «знахара», каб даведацца, дзе лепш будаваць новую хату. Не застаўшы яго дома, яны засталіся яго чакаць, прычым малодшы залез на печ пагрэцца, а старэйшы застаўся за сталом. Калі «знахар» прыехаў, то, пасля таго як згадзіўся дапамагчы, адправіў старэйшага на вуліцу не ведаючы, што малодшы застаўся ў хаце. Далей П.В. Шэйн піша: «раптам за свістам знахара ўваходзіць у пакой, дзе ён знаходзіўся, малады чалавек, даволі прыстойна апрануты, з тросцю ў руках, але з хвастом ззаду і з рагамі на галаве, па ўсяму бачнаму, гэта быў нячысты дух (“анцыхраст”) і пытае знахара: што яму трэба? Знахар паведамляе, што прыйшоў чалавек і пытае яго, дзе пабудаваць хату. Нячысты кажа знахару, што на агародзе ў гэтага чалавека стаяць дзве ігрушы, адна з іх дае салодкія плады, а другая кіславатыя; няхай гэты гаспадар ссячэ лепшую ігрушу і там пабудуе дом. І будзе шчасліва і весела жыць. “А цану якую ўзяць з яго за параду?” пытае знахар у д’ябла. “Вазьмі 2 залатых (трыццаць коп.) і падзелім папалам”, — сказаў д’ябл і пайшоў» [6, с. 259]. Уласенка Наталля Рыгораўна (1944 г.н., в. Чамярысы Брагінскага раёна) у маладосці шмат хварэла. Па словах інфарманткі, яе муж стаў часта ёй здраджваць. Інфармантка так апісала сваю сустрэчу са «знахаркай», да якой яе прывёз муж: «Ох, а тая баба во такенная во, таўсценая, да, за етае, за качаргу, да ўслед за мною як пабяжыць, а ён сеў наўпроці двара, а яна бяжыць, а ў мяне ногі баляць, куды я пабягу? Я кажу: “Хоць, бабка, ўбівайце мяне, — кажу, — я, — кажу, — нікуды не пайду”. — “Дак ты, — кажа, — сюды ка мне, — кажа, — прывезла, блядуна, да й пасадзіла шчэ, — кажа, –ў мяне шчэ наўпроці двара”. — А адкуль яна знала (У.Г.)? — А яна ж знахарка!» [3, арк. 121]. У Нараўлянскім раёне аўтарам быў запісаны аповяд, згодна з якім маці і дачка пайшлі да мясцовай «знахаркі», каб даведацца, калі дачка выйдзе замуж. У якасці аплаты яны ўзялі сала і каўбасу. Але па дарозе дачцэ стала шкада каўбасы і яна схавала яе. Як толькі яны зайшлі да «знахаркі» ў хату, тая прагнала іх са словамі: «Пайшлі прэч! Не трэба мне вашай каўбасы»!

Пачынаючы з 1930-х гг. у знахарстве Беларускага Палесся пад уплывам сацыяльна-эканамічных, культурных працэсаў, пачынаюць адбывацца змены, вынікам якіх стала змяншэнне ролі знахарства ў жыцці грамадства, звужэнне знахарскай сферы дзейнасці. Моладзь у новых умовах часта не жадала пераймаць знахарскія веды, асабліва звязаныя з усталяваннем кантакту з нячыстай сілай. Напрыклад, Заяц Лукер’я Філіпаўна (1936 г.н., в. Буда-Сафіеўка Лельчыцкага раёна) адмовілася вучыцца спосабу варажбы, таму што пры гэтым неабходна было выклікаць душы няхрышчаных дзяцей: «Раньшэ есці ездзілі етые… ну не було ж ні пісем, ні ціліфоноў, яе мужык паехаў плавіць лес. Это ўжэ па рэчке. Гаворыць няма й няма месяц і другі, значыць мо ўтонуў ці ніхто нічого не сообшчае. А яе навучылі. Ты здзелай так. Я говору: “Вы мне тыя слава ўжэ не кажыце, я іх не хочу”. — Дак вы не ведаеце словы (У.Г.)? — Не, я іх не запамінала і не хацела. Ана гаворыць: “Мне такэ і такэ слава прымерно сказалі”. Я не знаю акія слава. І гаворыць: “Ляж на лаві такой пустой і этыя слава скажы і табе прыляцяць дзеткі няхрышчаныя, няхрышчаныя глаўно? і скажуць на славах: жывы ілі не”. Дак ана гаворыць: “Я это дзелала, ана мне сказала, і легла на лаві пустой, ано як начало шумець, як начало раўці над окнамі бура якая-то. А я, — гаворыць, — нічого не спутала, да спугалася, да пабегла, да ў дзеці легла спакойно. Да думаю: о, зрабіла! О, навучылі! Што сарвало цяпер крышу і сада ўсяго змотало”. Но я ёй… она мне это говорыла. А я говору: “Вы мне этыэ слава не паўтарайце, я іх не хочу панімаць ”. Вот это было. “А я, — кажа, — ўстала, нідзе не тронку… ні ветачка ні адна не ўпата, ні крыша ні снята, нічого”. Вот это ана мне расказала, і вот это ёй было у жызні. Ну ёй было ето, яна ўжэ не ўрала мне. Она это говорыла і понімала» [3, с. 57].

Так, у выніку практычна поўнага знікнення «знахароў» як асобнага тыпу «знаючых» у рэгіёне, звужэння знахарскіх функцый, а таксама негатыўнага стаўлення многіх «шаптух» да гэтага кірунку дзейнасці, варажба ў знахарскай практыцы Беларускага Палесся ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. выкарыстоўваецца пераважна для пастаноўкі дыягназу пры лячэнні хвароб, што вызначае асноўныя спосабы варажбы, якія захоўваюцца ў знахарстве. Некаторыя «шаптухі» ўвогуле адмаўляюць наяўнасць у іх спецыяльных спосабаў пастаноўкі дыягназу, а вызначаюць праблему, напрыклад хваробу, па апісанні сімптомаў самім хворым і па сваіх назіраннях. Напрыклад, Семіход Марыя Антонаўна (1928 г.н., в. Губічы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна) паведаміла: «Прыходзяць і кажуць: “Вот, палячы мне руку, ці зляк, я спужаўся”» [3, арк. 1]. Аднак большасць знахароў маюць пэўныя спосабы вызначэння дыягназу. Адным з найбольш распаўсюджаных з’яўляецца чытанне знахарамі замоў, якія яны ведаюць, над хворым. Лічаць, што на якой замове «шаптуха» пачынае моцна пазяхаць («аж рот раздзірае»), ад той хваробы і неабходна лячыць чалавека. Скачок Кацярына Рыгораўна (1936 г.н., в. Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёна. Да 1986 г. пражывала ў в. Міхалёўка Брагінскага раёна) гаворыць наступнае: «Яно як іспужаецца або ўрок, дак міне тады да тых пор пазяхаецца, мне плоха самой, і пазяхаецца, няльга слова сказаць» [3, арк. 11]. Асобныя знахары, у прыватнасці Краўчэня Галіна Ігнацьеўна (1939 г.н., в. Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна. Нарадзілася ў в. Храпунь Столінскага раёна), прытрымліваюцца думкі, што пазяхаць павінен не знахар, а пацыент: «Онэ ўжэ я там бачу, чоловек еслі йе ў яго ета болезнь, то ён начынае пазяхаць, пацягваццаўжэ, это вонаў его йе. Еслі не будзе так, тоў его нема ее» [3, арк. 65].

Працяг артыкула чытайце на Краязнаўчым сайце Гомеля і Гомельшчыны.