Алег Астроўскі – ураджэнец горада Светлагорска Гомельскай вобласці, Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, неаднаразовы чэмпіён свету, аўтар пяці сусветных рэкордаў па хуткаснай радыётэлеграфіі, трэнер Дзіцячай юнацкай спартовай школы №5.
Алег Леанідавіч Астроўскі нарадзіўся 4 лютага 1978 года ў горадзе Светлагорску. Скончыў СШ №7 і Светлагорскі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці суднамеханік [1]. З 1985 года, калі вучыўся ў трэцім класе, пачаў займацца радыёспортам у Дзіцячай юнацкай спартовай школе №5 (у мінулым – гарадскі спартова-тэхнічны цэнтр “Чайка”) пад кіраўніцтвам трэнера Аляксандра Фёдаравіча Бойчанкі. Дзякуючы майстэрству і прафесіяналізму трэнераў, дзіцячае захапленне радыёспортам для Алега стала сэнсам яго жыцця. З 1991 года ён станавіўся неаднаразовым прызёрам рэспубліканскіх спартакіяд і чэмпіянатаў Беларусі сярод юнакоў і юніёраў. У 1996 годзе выканаў нарматыў майстра спорту, а праз год быў уключаны ў склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь.
У 1996 годзе Алег Астроўскі, адзіны прадстаўнік светлагорскай школы радыёспорту, удзельнічае ў чэмпіянаце свету [2].
З 1997 года Алег Леанідавіч на чэмпіянаце свету ў Балгарыі стаў абсалютным чэмпіёнам свету сярод юніёраў, заваяваўшы 5 залатых медалёў. У 1999 годзе на чэмпіянаце свету ў г. Венецыя (Італія) наш зямляк становіцца бронзавым прызёрам, заваяваўшы 3 бронзавыя і 1 срэбны медаль. Алег Астроўскі – уладальнік Суперкубка Рэспублікі Беларусь 2001, 2002, 2004 гадоў, а ў 2003 годзе стаў чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь.
У 2001 годзе на чэмпіянаце свету ў г. Канстанца (Румынія) Алег Астроўскі ўсталяваў свой першы сусветны рэкорд. У практыкаваннях па кароткахвалявай сувязі спартовец паказаў вынік 43 сувязі за 5 хвілін. Пазней рэкорд быў палепшаны іншым беларускім спартоўцам. На гэтых спаборніцтвах Алег Астроўскі стаў срэбным прызёрам чемпіянату свету, заваяваўшы 1 залаты, 3 срэбныя і 1 бронзавы медаль.
У 2003 годзе на чэмпіянаце свету, які праходзіў у Алімпійскім спорткомплексе “Раўбічы”, Астроўскі становіцца абсалютным чэмпіёнам свету, заваяваўшы 4 залатыя медалі. У 2004 годзе на чэмпіянаце Еўропы ў г. Ніш (Сербія і Чарнагорыя) наш зямляк стаў абсалютным чэмпіёнам Еўропы, на яго рахунку былі 3 залатыя і 1 бронзавы медаль.
У 2006 годзе на чэмпіянаце Еўропы ў г. Прыморска (Балгарыя) Алег Астроўскі ўсталяваў сусветны рэкорд у перадачы лічбавых радыёграм. Яго вынік 254 знакі ў хвіліну, што на 6 больш папярэдняга дасягнення [3]. Свой рэкорд спартовец прысвяціў роднаму городу [4]. На гэтых спаборніцтвах наш зямляк заваяваў 2 залатыя, 2 срэбныя медалі і стаў першым.
У перыяд з 1997 па 2005 год на чэмпіянатах Еўропы і свету Алегам Астроўскім было заваявана 14 залатых, 5 срэбных і 6 бронзавых медалёў [5]. Такі значны поспех нашага земляка не застаўся па-за ўвагай дзяржавы. 25 лютага 2005 года за вялікія спартовыя дасягненні Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прысвоіў інструктару-метадысту Светлагорскага ГСТЦ “Чайка” Алегу Астроўскаму званне “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь”. 29 чэрвеня, напярэдадні Дня Незалежнасці (святкаваўся 3 ліпеня), адбылося афіцыйнае ўзнагароджанне выбітных асобаў краіны Прэзідэнтам Беларусі. Алегу Астроўскаму падчас узнаграджання ён сказаў: “Дзякуй за працу!” [2].
“У Светлагорску гэта першы заслужаны майстар спорту, – падкрэсліў колішні дырэктар ДЮСШ-5 Аляксандр Бойчанка. – Калі гаварыць сцісла, сапраўдная праца заўсёды цярністая. У Астроўскага гэта 20 гадоў штодзённай работы над сабою, і зразумець гэта могуць толькі тыя спартоўцы, якія прайшлі такі шлях” [6].
У 2007 годзе на VII чэмпіянаце свету па хуткаснай радыётэлеграфіі, які праходзіў у Бялградзе (Сербія), зборная Беларусі зноў здабыла ўпэўненую перамогу. У складзе каманды выступілі чацвёра светлагорцаў, сярод якіх быў Алег Астроўскі. На рахунку нашага земляка – 2 залатыя і 2 срэбныя медалі.
“Гэты поспех – заслуга не толькі нашых спартоўцаў, але і ўсяго калектыву школы, – заўважыў колішні дырэктар ДЮСШ №5 Аляксандр Бойчанка. – У першую чаргу, трэнера каманды Алега Астроўскага. Сярод нашых выхаванцаў было нямала цудоўных спецыялістаў, але ён – самы-самы. Галоўная яго рыса – цудоўнейшая эмацыйная ўстойлівасць. I выхаванцы яго такія ж!” [7]
У 2008 годзе Алег Астроўскі стаў трохразовым абсалютным чэмпіёнам Еўропы. Званне мацнейшага на кантыненце было заваявана ў горадзе Пардэноне (Iталія). На яго рахунку 5 залатых і 1 бронзавы медаль.
“Калі я ехаў на чэмпіянат Еўропы, не вельмі верыў, што здолею стаць трохразовым пераможцам, – успамінаў Алег Астроўскі. – Тры разы перамагчы ў Еўропе – гэта так многа і так нялёгка…” [8]
У 2009 годзе Алег Астроўскі – чатырохразовы чэмпіён Еўропы. Спаборніцтва праходзіла ў горадзе Скіерніевіцэ (Польшча). I тут на рахунку нашага земляка 5 залатых і 1 бронзавы медаль. Акрамя таго, Алег Астроўскі ўсталяваў два новыя сусветныя рэкорды: у практыкаванні «Морзе-трэнажор» набраў 4087 ачкоў (на 3 ачкі палепшыў рэкорд серба Хаешэвіча) і ў прыёмцы лічбавых радыёграм: хуткасць – 320 знакаў штохвіліны (больш за 5,5 знакоў у секунду).
«Гэтыя сусветныя рэкорды я прысвячаю свайму бацьку Леаніду Фёдаравічу Астроўскаму» [9], – паведаміў Алег.
Чэмпіянат свету 2009 года, які праходзіў у горадзе Абзор (Балгарыя), таксама прынёс перамогу зборнай Беларусі. Сярод лідараў – Алег Астроўскі, які зноў стаў першым сярод мужчын [10]. На гэтых спаборніцтвах удзельнічала рэкордная колькасць светлагорцаў – 5 спартоўцаў.
У 2009 годзе за высокія спартыўныя вынікі і падрыхтоўку пераможцаў чэмпіянату свету і Еўропы Алег Астроўскі быў узнагароджаны ордэнам ДТСААФ.
З 5 па 7 жніўня 2010 года ў горадзе Сучава (Румынія) прайшлі спаборніцтвы на Кубак Еўропы па хуткаснай радыётэлеграфіі. Першае месца заваявала зборная Беларусі. Абсалютным пераможцам у гэтым турніры ў другі раз стаў Алег Астроўскі. Ён заваяваў 3 залатых, 2 срэбных і 1 бронзавы медаль. На гэтых спаборніцтвах наш зямляк стаў рэкардсменам у прыёме змяшаных радыёграм – 230 знакаў у хвіліну [11].
4 красавіка 2010 года Алег Астроўскі прызначаны дырэктарам ДЮСШ-5.
Алег Астроўскі паказаў высокія вынікі на трэнерскай ніве. Яго выхаванцы неаднаразова станавіліся прызёрамі, чэмпіёнамі свету, Еўропы і Рэспублікі Беларусь.
У 2011 годзе Алег Астроўскі падрыхтаваў бронзавага прызёра кубка Еўропы Яўгена Кохну, які пабіў сусветны рэкорд свайго трэнера (прыём змешаных радыёграм - 240 знакаў у хвіліну).
Дзве выхаванкі Алега Астроўскага сталі пераможцамі кубка Еўропы ў катэгорыях (жанчыны і юніёркі да 21 года.)
У 2011 годзе на чэмпіянаце свету ў горадзе Білефельд (Германія), Алег Астроўскі стаў віцэ-чэмпіёнам свету, а яго выхаванка Ганна Шавяленка - двухразовай абсалютнай чэмпіёнкай свету.
У 2011 годзе за высокія спартовыя дасягненні Алегу Астроўскаму было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Светлагорскага раёна».
2012 год чэмпіянат свету прымаў швейцарскі горад Беатэнберг. Алег Астроўскі заняў другое месца, заваяваўшы тры залатыя і адзін срэбны медалі.
У 2013 годзе на чэмпіянаце свету ў горадзе Боравец (Балгарыя) Алег Астроўскі займае першае месца ў мнагабор'і, заваяваўшы два залатыя і адзін срэбны медалі.
2014 годзе на чэмпіянаце Еўропы ў горадзе Бар (Чарнагорыя) Алег Астроўскі заняў другое месца ў абсалютным заліку, саступіўшы свайму вучню, майстру спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа Яўгену Кохну, які па заканчэнні чэмпіянату Еўропы скончыў спартовую кар’еру.
Македонскай горад Охрыд прымаў чэмпіянат свету 2015 года. Зборная Беларусі ў чарговы раз стала чэмпіёнам свету. Алег Астроўскі заняў другое месца ў абсалютным заліку, заваяваўшы адну залатую, два срэбныя і адзін бронзавы медалі.
У 2016 годзе чэмпіянат свету зноў праходзіў на чарнагорскай зямлі ў горадзе Ігала. Заслужаны майстар спорту Алег Астроўскі зноў заняў другое месца, заваяваўшы адну залатую і дзве сярэбраныя медалі.
2017 год чэмпіянат свету прымаў венгерская горад Эстаргам. Алег Астроўскі стаў другім у абсалютным заліку сярод мужчын.
У 2018 годзе на чэмпіянаце свету ў Астане (Казахстан), Алег Астроўскі перайшоў у катэгорыю мужчын, старэйшых за 40 гадоў (М 40+). На гэтых спаборніцтвах ён заняў першае месца і заваяваў 5 залатых і адзін срэбны медалі.
У 2019 годзе чэмпіянат свету праходзіў у курортным горадзе Албена (Балгарыя). Алег Астроўскі ў катэгорыі М 40+ заняў першае месца, заваяваўшы 6 залатых медалёў.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 275 ад 24 ліпеня 2019 года за высокія спартыўныя вынікі на сусветнай арэне Ганне Сяргееўне Шавяленцы (трэнер Алег Астроўскі) прысвоена ганаровае званне «Заслужаныя майстар спорту Рэспублікі Беларусь».
Віктар Раманцоў.
9.12.2019 год.
Матэрыял удакладзены, дапоўнены. Публікуецца ў такім выглядзе ўпершыню. Спасылка на аўтара і матэрыял абавязковая.
Аўтар выказвае падзяку Алегу Астроўскаму, адміністрацыі ДЮСШ №5 за прадастаўленую інфармацыю.
Крыніцы:
1. Островский Олег Леонидович / Земляки: история Светлогорска в лицах. Мозырь.2001. С. 80—81.
2. Романцов В. Большой труд всегда окупается. Светлогорский спортсмен Олег Островский получил награду из рук президента Беларуси // Ранак-плюс. 2005. № 27. С. 5.
3. Романцов В. Новый мировой рекорд // Ранак-плюс. 2006. № 42. С. 5.
4. Романцов В. Олег Островский: “Этот рекорд я посвящаю 45-летию города” // Ранак-плюс. 2006. № 42. С. 6.
5. Царук Р. Вернулись с «золотом» // Светлагорскія навіны. 2003. 28 сакавіка. С. 6.
6. Романцов В. Заслуженный мастер “Чайки” // Ранак-плюс. 2005. № 10. С. 1, 5.
7. Григорьев А. Чемпионы мира из Светлогорска // Ранак-плюс. 2007. № 39. С. 1, 5.
8. Романцов В. Чемпионы Европы прославили Светлогорск // Ранак-плюс. 2008. № 19. С. 3.
9. Клещенко И. Первые в Европе // Ранак-плюс. 2009. № 28. С. 5.
10. Клещенко И. Абсолютная победа // Ранак-плюс. 2009. № 38. С. 4.
11. Каймович Т. Светлогорцы ставят мировые рекорды // Ранак-плюс. 2010. № 33. С. 4.
Звесткі да 2010 года з некаторымі ўдакладненнямі публікуюцца па:
Віктар Раманцоў. Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах. — Мінск : Галіяфы, 2011. — 252 с. – С. 67 – 71.