На жаль, мала хто думае, як адчувае сябе дзіця ў школе, ці добра яму там, як складуцца адносіны з аднакласнікамі і настаўнікамі, і наогул, цяжка ці лёгка яму вучыцца. Часта бацькі патрабуюць высокіх навучальных дасягненняў, не сувымяраючы магчымасці самога дзіцяці.
Кожны год, калі стаю на лінейцы, прысвечанай Дню ведаў, я ўсё радзей бачу захопленыя твары дзяцей. Часцей за ўсё яны — нявыспаныя, панурыя. А ззаду стаяць трывожныя бацькі, якія думаюць: «Як у гэтым навучальным годзе будуць ісці справы ў школе ў майго дзіцяці? Здолее яно асіліць вучэбную нагрузку ці зноў будзе патрэбны рэпетытар? Якія адзнакі атрымае?» — і гэтак далей.
Калі бацькі задаюць пытанне сыну або дачцэ: «Як справы ў школе?», яны чакаюць, што ім распавядуць пра атрыманыя адзнакі. Добра, калі дзіця скажа: «Я сёння 9 атрымаў!» Тады бацька ўздыхне з палёгкай, скажа традыцыйнае «малайчына», і спакойна пойдзе гатаваць абед ці займацца справамі.
А калі пяць ці тры? Што тады? Звычайна — натацыі, абвінавачванні, ды ў выніку заключэнне: «Будзеш дрэнна вучыцца, пойдзеш вуліцы падмятаць або каровам хвасты круціць». Толькі не разумею, навошта хвасты круціць? Кароў карміць трэба і даіць. Малюючы такую жахлівую карціну свайму дзіцяці, многія бацькі думаюць, што матывуюць яго на высокія навучальныя дасягненні. Але гэта не так. Запалохванні і абразы не робяць людзей героямі, а дзяцей — тым больш. У дзіцяці фарміруецца комплекс непаўнавартасці: «Я дурны, не магу вывучыць матэматыку на такую адзнаку, якую хочуць бацькі». Адзін раз не атрымалася, другі, трэці... І сфармаваўся сіндром завучанай бездапаможнасці.
Як гэта адбываецца ў рэчаіснасці? Вучань атрымаў «двойку», калі з-за баязлівасці не мог адказваць ля дошкі. Акрамя таго, што ён не атрымаў падтрымку педагога, сутыкнуўся з кпінамі аднакласнікаў, яшчэ і дома атрымаў ад бацькоў. У наступны раз падобная сітуацыя будзе выклікаць у яго страх і іншыя непрыемныя перажыванні, звязаныя з самаацэнкай. Дзіця будзе загадзя прадбачыць магчымасць такой няўдачы — і захоча пазбегнуць гэтага (прагулы і хваробы) альбо навучыцца змірацца. Працэс да спасціжэння ведаў і пераадолення цяжкасцяў будзе спынены.
Калі няўдалыя спробы паўтараюцца, чалавек расчароўваецца, губляе веру ў сябе і не бачыць магчымасцяў справіцца з задачай. Усе намаганні здаюцца бескарыснымі, настрой падае — і больш не хочацца нешта рабіць, каб змяніць сітуацыю.
Таму кожны раз, калі бацькі задаюць пытанне пра тое, як справы ў школе, ім варта падумаць, навошта гэта робіцца. Для таго, каб сапраўды даведацца, як справы, ці каб пацешыць сваё бацькоўскае эга: «Я — добры бацька, выхавала/выхаваў геніяльнае дзіця»?
Паверце, не мае ніякага значэння, геніяльнае вашае малое ці сярэднестатыстычны вучань. Гэта ўсяго толькі дзіця — і яму вельмі важнае прызнанне заслугаў, хоць і маленькіх (напрыклад, учора было «тры», а сёння — ужо «чатыры»), яму патрэбная дапамога і падтрымка. І толькі тады яно будзе імкнуцца радаваць бацькоў, прыкладаць намаганні і імкнуцца, каб дасягнуць лепшых вынікаў.
Каб дапамагчы дзіцяці стаць паспяховым, бацькам неабходна змяніць свае паводзіны і сваю сістэму рэагавання, і пашырыць свой дыяпазон пытанняў на тэму «Як справы ў школе?». Трэба перавучыць свой мозг рэагаваць звычайным чынам на сітуацыі школьнага жыцця.
Калі дзіця вяртаецца са школы, сачыце за яго настроем і самаадчуваннем. За гады працы школьным псіхолагам мне давялося сустракацца са шматлікімі дзецьмі, якія мелі добрыя патэнцыйныя здольнасці, але паказвалі невысокія вынікі. І не таму, што яны былі не здольныя засвоіць праграму, а таму, што змірыліся з тым, што ёсць. Бацькі ж толькі сварыліся ды пагаршалі праблему.
Калі вы сапраўды хочаце дапамагчы сваім дзецям засвоіць школьную праграму, то дапамагайце, а не перашкаджайце.
Можна вызначыць пералік дадатковых пытанняў, якія павінны задавацца, калі дзіцё прыйшло са школы.
1. Што самае добрае адбылося сёння ў школе? А што дрэннае?
2. Раскажы, што прымусіла цябе засмяяцца?
3. З кім бы ты хацеў сядзець у класе? А з кім бы не хацеў? Чаму?
4. Што новага ты сёння даведаўся?
5. Што табе хацелася б больш вывучаць у школе? А менш?
6. Калі б ты мог памяняцца з кімсьці ў класе месцамі, хто б гэта быў? Чаму?
7. Табе спадабаўся сённяшні абед? Што больш за ўсё спадабалася?
8. Як ты дапамог камусьці сёння? Як хтосьці дапамог сёння табе?
9. Калі табе сёння было сумна?
10. Што ты робіш на перапынках?
11. Хто ў тваім класе мог бы быць і больш ветлівым?
12. Хто самы смешны ў тваім класе і чаму?
13. Хто з аднакласнікаў занадта многа вучыцца?
14. Калі б заўтра ты стаў настаўнікам, што б ты выкладаў?
15. Каго б з аднакласнікаў ты хацеў бы перавесці ў іншы клас і чаму?
16. Як ты думаеш, якіх ведаў табе не хапае, каб мець лепшыя вынікі?
Звярніце ўвагу, што адказвае дзіця на 3, 6, 11 і 15 пытанні. Часцяком бывае, што аднакласнікі могуць ганіць дзіця, а яно не скардзіцца — сорамна. У маёй практыцы былі такія выпадкі: над дзіцём гадамі здзекаваліся, а бацькі пра гэта нават не здагадваліся. Усё адкрылася, калі падлетак стаў прагульваць заняткі ў школе — асабліва фізкультуру. Аказваецца, аднакласнікі забаўляліся — хавалі яго рэчы ў распранальні. Хлопчык быў невысокага росту, таму рэчы закідвалі куды-небудзь высока і смяяліся са спробаў дастаць іх. Да таго ж увесь час абзывалі яго малечай.
І, вядома, не перашчыруйце з пытаннямі. Дзіця можа быць стомленае, альбо не ў настроі, таму проста дайце крыху часу адпачыць. Інакш вашы роспыты могуць быць невыноснымі. І не трэба забіраць у дзіцяці ў гэты момант гаджэты і соваць яму кнігу. Адпачынак — гэта калі ты проста адпачываеш.
Калі дзіцяці не падабаецца вучыцца ў школе, паспрабуйце з ім паразмаўляць. Гутарка можа быць прыкладна такой:
« — Як ты думаеш, навошта людзі прыдумалі вучыць дзяцей у школе?
— Напэўна, каб яны даведаліся нешта новае, навучыліся нечаму.
— А навошта гэта трэба?
— Каб было ім было лягчэй. Яны будуць лепш разумець, што адбываецца навокал.
— Добра. Значыць, людзі, якія вучацца ў школе, лепш разумеюць, што адбываецца навокал. А цяпер уяві на хвілінку, што ты не ходзіш у школу і не вучышся. Што з табой адбываецца?
— Я адпачываю, гуляю ў кампутарныя гульні, і мне добра.
— Сумняваюся, што табе вельмі добра. Ты не развіваешся, проста гуляеш. А іншыя дзеці вучацца, больш пазнаюць. Як ты думаеш, ты ад іх будзеш адрознівацца?
— Так.
— А ў які бок — у лепшы або горшы?
— Напэўна, у горшы. Бо яны будуць больш за мяне ведаць.
— А якія перспектывы ёсць у людзей, якія вучацца, у адрозненне ад тых, хто не вучыцца?
— Ну, напэўна, у тых, хто вучыцца, больш магчымасцяў знайсці добрую працу і атрымліваць больш грошай.
— А ты для сябе чаго хочаш: атрымліваць шмат грошай ці мала?
— Вядома, шмат.
— А навошта табе шмат грошай?
— Каб купляць сабе тое, што хачу.
— А як ты думаеш, вучоба ў школе табе ў гэтым дапаможа?
— Напэўна. Я ж магу знайсці сабе выгадную працу.
— А якім чалавекам табе трэба стаць, каб атрымаць усё, што ты хочаш?
— Разумным, кемлівым, адукаваным.
— Што для гэтага трэба зрабіць? Як ты думаеш?
— Старацца, вучыцца, выконваць заданні, чытаць, пазнаваць, трэніравацца.
— Што ўжо сёння ты можаш зрабіць, каб хоць трохі стаць чалавекам, які можа ўсё?
— Ну, хоць бы зрабіць хатняе заданне.
— Добра. З чаго пачнеш? Які прадмет ты зробіш хутка і без маёй дапамогі?
— Практыкаванне па рускай мове.
— А які наступны прадмет ты зможаш выканаць самастойна?
— Матэматыку.
— А дзе табе патрэбна мая дапамога?
— Я вывучу гісторыю, а ты праверыш, ці ўсё я запомніў.
— Добра. Ты пачнеш выконваць заданне зараз ці праз 10 хвілін?»
Возьмем яшчэ адну стандартную сітуацыю — дзіця не хоча рабіць хатняе заданне, бо лічыць яго цяжкім. Ці думае, што не справіцца з ім. Як можна матываваць яго на выкананне непрыемнай працы?
«— Як ты думаеш, хто з тваіх аднакласнікаў лёгка справіцца з гэтым заданнем?
— Напрыклад, Віця Іваноў.
— А хто з тваіх любімых герояў мог бы лёгка справіцца з гэтым заданнем?
— N (Адказы могуць быць любымі).
— Скажы, а якія якасці гэтых людзей дапамагаюць ім лёгка выконваць падобныя заданні?
— N (Адказы могуць быць любымі).
— А як ты думаеш, на колькі па шкале ад 1 да 10 у цябе развіты такія якасці?
— Напрыклад, на 5 балаў.
— Значыць, тэарэтычна, ты можаш выканаць заданне?
— Наогул — так.
— Уяві, што ты на час стаў гэтым вучнем. Як ты думаеш, што ён зрабіў бы ў пачатку?
— Напэўна, напісаў дату і «дамашняя работа».
— Ты можаш гэта зрабіць?
— Лёгка!
— А што далей бы ён рабіў? Што потым? Калі б гэты вучань не зразумеў, як выканаць заданне, то што б ён зрабіў? Дзе б шукаў падказку? Як, якім спосабам ты мяркуеш гэта рабіць? Як ты даведаешся, што такім спосабам будзе дасягнуты чаканы вынік? А якія спосабы можна выкарыстоўваць яшчэ?»
І, зразумела, трэба замацаваць пазітыўнае ўяўленне дзіцяці:
«— Як ты сябе будзеш адчуваць, калі справішся з гэтым заданнем?
— Я буду задаволены.
— Хто яшчэ будзе задаволены табой?
— Бацькі, настаўніца.
— Калі ты выканаеш хатняе заданне хутка, як ты можаш распарадзіцца пакінутым часам?
— Калі я зраблю ўсё хутка, то я змагу больш пагуляць у сваю любімую гульню ці пагутарыць з сябрамі».
Задаючы пытанні, вы дапамагаеце ўбачыць і агучыць праблему, асэнсаваць стаўленне да яе, ацаніць ступень свайго няведання і зразумець, чаго яму не хапае для выканання задання. А таксама выбраць найбольш эфектыўны шлях рашэння, усвядоміць і прыняць адказнасць за яго рэалізацыю; зафіксаваць поспех і ўсвядоміць свой асабісты ўклад у дасягненне выніку.
Калі дзіця ведае, навошта яму патрэбныя веды, калі бачыць, як гэта будзе дапамагаць яму ў будучыні, яно будзе само імкнуцца выконваць хатнія заданні, таму што гэта трэба не бацькам, а асабіста яму.
Аўтар Таццяна Говар. Артыкул апублікаваны на https://novychas.by/hramadstva/jak-spravy-u-szkole