Народжаны святаром
Амаль 30 год праслужыў ён святаром у праваслаўнай Якімаваслабадской парафіі. Раскулачаны, у ссылцы на Беламорска-Балтыйскім канале, ён марыў толькі аб адным – выжыць і вярнуцца ў свой прыход. Ён жадаў самага простага – быць пахаваным у родным кутку і атрымаў такую магчымасць. Але “ўдзячныя” нашчадкі зраўнялі яго магілу з зямлёю, пабудавалі на ёй клуб. Праз 64 гады ён нагадаў пра сябе ізноў, каб прымусіць пахаваць па-людску.
У саборы Ператварэння Гасподня захоўваюцца звесткі пра святара Якімаваслабадской парафіі Івана Мікалаевіча Сяўбо, рэпрасаванага напрыканцы 1930-х гадоў. Нарадзіўся ён 12 красавіка 1880 года ў сяле Цялушы Бабруйскага павета Мінскай губерні. Выхадзец, можна сказаць, з сям’і інтэлігентаў. Паводле дакументаў, Івана Сяўбо ахрысцілі 22 красавіка ў Цялушанской Свята-Траецкай царкве. Бацька яго, Мікалай Паўлавіч Сяўбо, служыў псаломшчыкам у гэтай жа царкве, а маці, Варвара Мартынаўна, працавала настаўніцай. У дакументах згадваецца, што хросны бацька таксама быў настаўнікам, а хросная маці - жонкай святара. Ужо па гэтых звестках можна зрабіць выснову, што маленькі Іван нарадзіўся ў сям’і вельмі адукаваных па тым часе людзей.
У сям’і Сяўбо апроч Івана было трое дзяцей: Мікалай, Зміцер і Міхась. Усе яны пайшлі па шляху бацькі і звязалі сябе з праваслаўнай царквой. Зміцер стаў святаром, Мікалай служыў псаломшчыкам, Міхась скончыў духоўную семінарыю. У 1933 годзе Зміцера і Мікалая ўжо не было ў жывых, а Міхась згадваецца, як “мабілізаваны ў войска”.
Іван Сяўбо таксама пайшоў па шляху свайго бацькі. У 1903 годзе скончыў курс навук Мінскай духоўнай семінарыі, атрымаўшы за паспяховасць атэстат другога разраду, гэта значыць, па вучобе меў толькі добрыя і выдатныя адзнакі.
Далейшыя біяграфічныя звесткі паведамляюць, што “Іван Сяўбо 6 жніўня 1903 года першасвятаром Міхаілам быў пасвечаны ў святары і прызначаны ў вёску Якімава Слабада”. У праваслаўную Якімаваслабадскую парафію ўваходзілі жыхары вёсак Баравікі, Васілевічы, Ляды, Заброддзе, Дабрагошча, Старына, Сельнае, Падхвоеў, Затон, Абольцы, Аляксандраўка, Самараж, Хутар Баравікоўскі, Хутар Васілевіцкі. У той час маладому святару Івану было ўсяго 23 гады. У тым жа годзе прыйшла вестка аб смерці бацькі – Мікалая Паўлавіча Сяўбо.
Так, з 1903 па 1941 год з вялізнымі перапынкамі знаходжання ў ссылках і турмах Іван Сяўбо да самага апошняга дня будзе служыць у Якімаваслабадскім прыходзе. Яго пахаваюць у “сваёй” царкве. Будынак яе будзе знішчаны савецкай уладай, а магіла згубіцца на доўгія 64 гады.
Скуф’я і насцёгнік - ва ўзнагароду
16 лютага 1908 года ў біяграфіі маладога святара з’яўляецца новы запіс: “Указам Мінскай духоўнай кансісторыі Іван Сяўбо прызначаны духоўным следчым першай акругі Рэчыцкага прыхода”. З біяграфіі становіцца вядома, што святар Іван стаў законанастаўнікам - выкладнікам закона Божага і царкоўнага спеву ў мясцовай духоўнай вучэльні. У 1913 годзе Іван Сяўбо мае духоўны сан - протаіерэй. У яго асабістай справе з’яўляецца запіс: “святарскую грамату ведае, спагнанняў і водпускаў з 1903 па 1913 год не меў”. Вось такая нялёгкая праца святара.
Іван Сяўбо ўзяў шлюб з Марыяй Фамінічнай, якая скончыла Парыцкую духоўную вучэльню. Захаваліся дзве фатаграфіі Івана Сяўбо: ён адзін і разам з жонкай і дочкамі Анастасіяй і Таісіяй.
“На грудзях протаіерэя бачны крыж з упрыгожваннямі, - тлумачыць настаяльнік прыхода храма Ператварэння Гасподня ігумен Алексій (Жэлянок). - Гэта гаворыць аб тым, што ён прайшоў стадыі царкоўных заахвочванняў. На сёння нам дакладна вядома аб дзвюх узнагародах Івана Сяўбо. У звестках за 1913 год гаворыцца аб аксамітавай скуф’і (убор на галаву) і насцёгніку”.
У сям’і Івана і Марыі Сяўбо было пяцёра дзяцей: сыны Лаўрын (1904), Аляксандр (1905), Глеб (1917) і дочкі Анастасія (1915), Таісія (1923).
Лаўрын скончыў духоўную вучэльню ў Гомелі, і у 1931 годзе быў пасвечаны біскупам Філарэтам і прызначаны ў вёску Какуевічы Рэчыцкага раёна (зараз вёска Чкалава Светлагорскага раёна). У тым жа годзе (па іншых звестках увесну 1932 года) быў арыштаваны органамі ДПУ і асуджаны на 10 гадоў. Адбываў пакаранне на Далёкім Усходзе ля Хабараўска, там трагічна загінуў. Сын Глеб загінуў на фронце падчас Другой сусветнай вайны. Апошняя дачка святара памерла некалькі гадоў таму.
Па звестках сваякоў, апроч пяцярых дзяцей у сям’і Сяўбо было яшчэ трое, якія памерлі зусім малымі і былі пахаваныя ў царкве Свяціцеля Мікалая ў Якімавай Слабадзе. Зараз гэтыя магілы ніяк не пазначаны і знаходзяцца на месцы дарогі ля сельскага клуба. Дарэчы, на тэрыторыі колішняй царквы таксама пахаваныя дыякан і пан. На грошы апошняга была пабудавана царква Свяціцеля Мікалая.
Смутны час
У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гадоў у Савецкім Саюзе пачаліся масавыя рэпрэсіі. Савецкая ўлада знішчала ўсіх, з кім ёй было не па дарозе. У першую чаргу ў “чорны спіс” траплялі святары. Аб гэтым сведчаць выпісы з дзвюх крымінальных спраў 1931 і 1933 гадоў, што захоўваюцца ў архівах УКДБ па Гомельскай вобласці (арх. № 18405-з і арх. № 17155-з), па якіх быў асуджаны протаіерэй Іван Сяўбо. Гэтыя дакументы - усяго толькі маленькае сведчанне той бязлітаснай неабвешчанай вайны, якая вялася савецкай уладай супраць духавенства.
Святара Івана Сяўбо савецкая ўлада арыштоўвала некалькі разоў, але гісторыя захавала для нас матэрыялы дзвюх апошніх крымінальных спраў. Так, у справе за 1931 год утрымліваюцца звесткі, што Іван Сяўбо быў асуджаны ў 1929 годзе тэрмінам на адзін год прымусовых прац “за невыкананне хлебанарыхтовак” і “пазбаўлены права голасу, як служка культу”. Але ў 1931 годзе ён ужо праходзіць па справе так званага “Саюза Рускага народа” як арганізатар створанай “контррэвалюцыйнай антысавецкай групоўкі” ў вёсцы Якімава Слабада і завадатар яўрэйскага пагрому – “да чаго падрыхтаваў сялян”. Яшчэ ў спісе абвінавачванняў, якімі напоўнена кожная старонка справы, Іван Сяўбо паўстае ў абліччы распаўсюджвальніка “правакацыйных ілжывых чутак аб хуткім падзенні Савецкай улады, згубы калгасаў...” Да яго прымацавана кляймо “ворага калектывізацыі ў вёсцы Якімава Слабада”. Хаця, зыходзячы са сведчанняў святара сяла Чыркавічы Яўгена Кіркевіча, які таксама праходзіў па гэтай справе, Іван Сяўбо “не служыць тормазам калектывізацыі”. У яго прыходзе “калектывізаваныя цэлыя вёскі: Баравікі, Самараж”, і што “Слабада мала калектывізаваная” - у тым не яго віна.
Але святара Сяўбо аб’явілі “шкоднікам савецкай улады” і 28 верасня 1931 года па арт. 72 КК БССР (антысавецкая агітацыя) пакаралі на пяць гадоў канцлагераў.
Першапачаткова Іван Сяўбо адбываў пакаранне на станцыі Поцьма Тамбоўскай губерні, потым у горадзе Марыінску. Затым быў пасланы на сталінскую “будоўлю стагоддзя”, з якой мала хто вярнуўся жывым, - будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Патрапіў святар на знакамітую станцыю Шабань, дзе працаваў да 1932 года, а потым быў перакінуты на Маскоўска-Волжскі канал. Апошнімі ў гэтай турэмнай ходцы значацца гарады Перм і Чырвоны Вішар. У выніку ў пачатку ліпеня 1933 года былога святара Івана Сяўбо датэрмінова вызваляюць. Ён захварэў на парок сэрца, цынгу і пакутуе вострым малакроўем. З гэтым спісам “узнагарод” святар вяртаецца на радзіму.
Усяго толькі тры месяцы - з ліпеня па верасень - савецкая ўлада дала вольна падыхаць хранічна хвораму, амаль пры смерці святару Івану Сяўбо.
19 верасня 1933 года ён зноў трапляе пад арышт у шэрагу асоб гэтак званай “секты іянітаў” - паслядоўнікаў Івана Кранштацкага. Усяго па справе праходзяць 16 чалавек. І тут Сяўбо названы “кіраўніком секты актыву вёсак Чыркавічы, Расава, Здудзічы Парыцкага раёна”, якая існавала з 1906 года. Як гаворыцца ў справе, на момант арышту Іван жыве “на сродкі дзяцей (Анастасіі, 18 гадоў, і Глеба, 16 гадоў), якія працуюць на чорных работах”. У чым вінавацяць у гэты раз хворага святара? “Секта іянітаў”, гаворыцца ў справе, у 1930 годзе “падняла паўстанне, у момант якога былі збітыя супрацоўнікі міліцыі і сельскі актыў”. Далей распавядаецца ў справе, што “ў апошні час “іяніты” актывізавалі сваю контррэвалюцыйную дзейнасць». Асабіста Сяўбо ставіцца ў віну, што ён разам з чальцамі “секты” праводзіў антысавецкую дзейнасць: агітаваў за развал калгасаў і невыкананне заданняў па нарыхтоўцы, перашкаджаў сялянам уступаць у калгасы”. Святара Івана асуджаюць 29 лістапада 1933 года па арт. 72 (антысавецкая агітацыя), 76 (контррэвалюцыйная арганізаваная дзейнасць) і 118 КК БССР на пяць гадоў у папраўча-працоўны лагер, нягледзячы на тое, што 19 лістапада турэмны доктар пацвердзіў у яго дыягназ “атэраскляроз сэрца”.
Дзе знаходзіўся потым Іван, на жаль, звестак не маецца. У 1941 годзе святар нечакана з’яўляецца ў вёску Якімава Слабада на акупаваную немцамі тэрыторыю. Як ён мусіў вярнуцца жывым пасля доўгіх тулянняў па лагерах - застаецца загадкай. Можна меркаваць, што яго “вызвалілі” нямецкія войскі. Старажылы Якімавай Слабады адзначаюць, што Іван Сяўбо быў вельмі хворым і гаварыў вяскоўцам аб жаданні вярнуцца ў свой прыход, каб яго пахавалі менавіта тут. Жудасная карціна паўстала перад айцом Іванам: яго царква была разрабаваная. «Я служыў у вас 27 гадоў, спрабаваў вас навучыць Божым законам, а вы разрабавалі сваю царкву», - неаднойчы ён паўтараў вяскоўцам.
У апошнія месяцы жыцця Іван Сяўбо паспеў ахрысціць некалькіх дзяцей. Памёр ён 15 снежня 1941 года. На хаўтуры з Бабруйска прыехала толькі яго жонка. Святар Іван Сяўбо быў пахаваны ў алтары царквы Свяціцеля Мікалая на прастольнае свята Свяціцеля Мікалая - такое вось неверагоднае супадзенне.
9 чэрвеня 1989 года і 29 красавіка 1990 года пракуратура Гомельскай вобласці перагледзела крымінальныя справы 1931 і 1933 гадоў, па якіх праходзіў святар, і рэабілітавала яго пасмяротна. Варта адзначыць, што ні па адной з крымінальных спраў Іван Сяўбо не прызнаў сябе вінаватым.
Уваскрашэнне
Аднойчы жыхарка горада Светлагорска Майя Белая - удзельніца мастацкай самадзейнасці - прыйшла на рэпетыцыю ў клуб вёскі Якімава Слабада, пабудаванага на месцы разбуранай царквы. Калі зайшла ў памяшканне, у яе раптам знік голас. А калі жанчына выходзіла з клуба - ён зноў з’яўляўся. Так адбывалася некалькі разоў. Хтосьці ўспомніў, што тут на месцы клуба была царква, у якой быў пахаваны святар. Майя Белая зацікавілася гэтымі фактамі, пачала збіраць звесткі аб царкве. Звярталася яна да старажылаў, у бліжэйшыя праваслаўныя прыходы: да протаіерэя Ігара, рэчыцкага протаіерэя Пятра. Адна з жыхарак вёскі Якімава Слабада распавяла ёй такі выпадак. Неяк знаходзячыся ў клубе, у яе здарылася бачанне. Раптам жанчына выразна пачула, як пачалася царкоўная служба. Затым убачыла, як ходзіць па клубе ў царкоўным уборы святар. Жанчына вельмі напалохалася.
Пасля вайны царкву прыстасавалі пад краму, але людзі рэдка хадзілі ў яе. Потым у памяшканні зрабілі зернясховішча. А калі людзі пачалі прасіць ізноў адкрыць царкву, драўляны будынак разбурылі. Прычым адбылося гэта не так даўно - у 1969 годзе. На месцы царквы была зроблена спартовая пляцоўка, але магілы яшчэ захоўваліся. На адной з іх - магіле Івана Сяўбо - доўгі час стаяў зняты з купала разбуранай царквы каваны крыж.
Аднойчы ў Якімаву Слабаду прыехаў нарыхтоўшчык па імені Зяма. Спадабаўся яму на магіле каваны крыж. З’язджаючы з вёскі, Зяма выкапаў крыж і паклаў на калёсы. Але шлях яго быў нядоўгім. Як толькі калёсы выехалі за вёску, белы конь-прыгажун раптам паваліўся на зямлю і памёр. Напалоханы Зяма закінуў крыж на спіну і прыцягнуў назад. Але ўсё ж такі крыж і магілы паступова зніклі. На месцы царквы пабудавалі сельскі клуб. Па словах настаяльніка прыходу храма Ператварэння Гасподня ігумена Алексія (Жэлянка), ён фактычна стаіць на чалавечых костках. А жыхары Якімавай Слабады і сёння памятаюць, як бацькі забаранялі ім наведваць яго.
Сваякі і служкі праваслаўнай царквы неаднойчы звярталіся да мясцовых улад з просьбай дазволіць ім адкапаць рэшткі протаіерэя Івана Сяўбо. За савецкім часам ім гэтага зрабіць не дазвалялі. Магчымасць прадставілася толькі ў 2005 годзе - падчас капітальнага рамонту клуба вёскі Якімавай Слабады. 23 верасня супрацоўнікі пракуратуры, прадстаўнікі мясцовых улад, праваслаўнай царквы сумеснымі высілкамі знайшлі рэшткі протаіерэя Іаана Сяўбо.
20 кастрычніка 2005 года яны былі перапахаваныя ля ўсходняй сцяны хрысцільнага храма Ператварэння Гасподня, што ў мікрараёне Юбілейны горада Светлагорска.
Віктар Раманцоў.
2005 г. (Поўная версія.)
Крыніца:
Виктор Романцов. Иоаннова Голгофа // Ранак-плюс. 2005. С. 15. (Скарочаная версія).