Найти тему

Ала - дванаццаць Хатыней без годнай памяці

Помнік жыхарам спаленай вёскі Ала і  495 савецкім воінам Другой сусветнай вайны
Помнік жыхарам спаленай вёскі Ала і 495 савецкім воінам Другой сусветнай вайны

Амаль забытая трагедыя

Чаму менавіта Хатынь стала сімвалам спаленых беларускіх вёсак? Чаму на месцы гэтай вёскі пабудавалі мемарыяльны комплекс? Калі сыходзіць з колькасці ахвяраў, то лагічна было б пабудаваць мемарыял на месцы спаленай вёскі Ала сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. У гэтай вёсцы загінула дванаццаць Хатыней.

Хатынь - сімвал усіх спаленых беларускіх вёсак падчас Другой сусветнай вайны, на месцы якой пабудавалі мамарыял. І чым болей я даведваюся праўды аб Хатыні, тым менш павагі да савецкіх ідэолагаў, якія выбіралі гэтае месца для ўшанавання загінуўшых у вогнішчы людзей. Безумоўна, Хатынь – гэта страшная трагедыя, але не можа і блізка параўноўвацца з трагедыяй вёскі Ала былога Парыцкага раёна (зараз Светлагорскага Гомельскай вобласці).

Сёння пра Алу ніхто не чуў. А, між іншым, ведаць кожнаму беларусу гэтую спаленую вёску варта ў першую чаргу. Ала – гэта адзіная на Беларусі спаленая вёска, дзе загінула 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей – болей, чым у якой іншай. У Хатыні было спалена 149 чалавек, з іх 75 дзяцей. Ала – гэта дванаццаць Хатыней!!! Таму я пытаю вас таварышы савецкія ідэолагі: якімі крытэрыямі вы карысталіся, калі выбіралі месца пабудовы мемарыялу спаленым беларускім вёскам?

Сёння сталі вядомы падрабязнасці трагедыі Хатыні. Аказваецца, там ёсць віна партызан, якія адышлі ў бок вёскі, пасля таго, як забілі некалькі фашыстаў на трасе Лагойск-Плешчаніцы. А між іншым у партызан быў загад не заходзіць у такіх выпадках у населеныя пункты, каб не падстаўляць пад смерць мірных жыхароў. Сярод забітых быў чэмпіён алімпійскіх гульняў 1936 года Ганс Вёльке. Вядома, за яго смерць акупанты жадалі адпомсціць. І падпальвалі людзей, зачыненых у доме, зусім не фашысты, а ўкраінцы, якія ім прыслужвалі. Доўга замоўчвалася аб факце 26 растраляных беларускіх сялян з вёскі Козыры, якія непадалёк ад засады партызан чысцілі ад лесу прыдарожную паласу. І ў гэтым таксама ёсць віна народных мсціўцаў.

Дык чаму ж комплекс пабудавалі ў Хатыні? Бліжэй да Менску? Гэта не аргумент. Каб прымусіць забыць аб злачынствах сталінізму ў Катыні пад Смаленскам, дзе былі расстраляны польскія вайскоўцы і мірныя грамадзяне, у тым ліку беларусы і рускія? Падмяніць у масавай свядомасці адно злачынства на выгоднае для савецкай ідэялогіі? Вось гэта больш падобна на праўду.

А што ж вёска Ала? Спаленая 14 студзеня 1944 года таксама з удзелам паліцаяў, так і не аддрадзілася. Ёсць інфармацыя, што спалілі яе таксама за забітага партызанамі нямецкага афіцэра. Думаю, падрабязнасці высвятляцца ў найбліжэйшы час. Палі, дзе раней вырошчвалі сяляне ўраджай, зараз зарастаюць пасаджаным лесам. Застаўся толькі помнік забітым, да якога да гэтага часу няма дабрага пад’езду з боку аўтатрасы Жлобін-Светлагорск. Няма годнага мемарыялу на месцы спаленай вёскі, няма мемарыяльнага знака на аўтадарозе, які б нагадваў, што у пяці кіламетрах была спалена вёска Ала. Большасць з 1758 беларусаў, дарэчы, былі сяляне з найбліжэйшых вёсак. Яны хацелі дачакацца вызвалення, хаваліся тут ад нацыстаў, а сустрэлі жудасную смерць.

Канешне, для аднаўлення гістарычнай справядлівасці і ачышчэння ад хлуслівых савецкіх ідэалагічных установак менавіта сюды варта было б перанесці мемарыял спаленым беларускім вёскам. Ды хто зараз гэтым будзе займацца!?

Сёння ў былую вёску Ала зрэдку наведваюцца актывісты клуба “Пошук” з Светлагорскага дома дзіцячай і юнацкай творчасці, бээрсээмаўцы, прадстаўнікі райвыканкаму. Адміністрацыя раёна вылучае транспарт, грэйдэр час ад часу раўняе дарогу.

Але ты, Ала, так і застаешся для Беларусі амаль забытай трагедыяй!

Дванаццаць Хатыней - без годнай памяці!!!
Віктар Раманцоў

30 кастрычніка 2009 года.

Крыніца:https://dobramir333.livejournal.com/6738.html