У адзін з лістападаўскіх дзён журналісты “Кіраўца” наведаліся да жыхаркі аг.Мышкавічы Валянціны Рудаковай, прыёмнай дачкі нашага знакамітага земляка К.П.Арлоўскага. Падстава для сустрэчы была важная – Валянціна Кірылаўна адзначала 90-гадовы юбілей. У той дзень яна прымала шматлікія віншаванні ад родных, з падарункамі і кветкамі ад дырэкцыі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” да юбіляршы завітала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава.
За кожную галаву жывёлы цялятніца несла персанальную адказнасць: Кірыла Пракопавіч вельмі строга ставіўся да пытання захавання і павелічэння грамадскага статка. І Валянціна ніводнага разу яго не падвяла: у яе групе, дзе ўтрымлівалася 35 цялят, была стопрацэнтная захаванасць. За такую добрасумленную працу ў 1958 годзе цялятніца была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, не аднойчы была адзначана кіраўніцтвам калгаса.Валянціна Рудакова жыве ў Мышкавічах, у доме, які ў свой час быў пабудаваны
(і дзе ён жыў) для вядомага на ўвесь былы Савецкі Саюз старшыні калгаса “Рассвет” К.П.Арлоўскага. Так склаўся лёс, што жыццё жанчыны ў нейкі момант стала цесна звязана з Кірылам Пракопавічам і яго жонкай Таццянай Васільеўнай, за што Валянціна Кірылаўна вельмі ўдзячная Богу, бо ўпэўнена, што без дапамогі і падтрымкі гэтай сям’і не давялося б ёй сустракаць такі значны жыццёвы юбілей…
У 1930 годзе ў Кірылы і Наталлі Котавых з Цейкавіч нарадзілася дачушка, якую назвалі Валяй. Сям’я была вялікая: гадавалася ў ёй чацвёра дзяцей. Бацькі з раніцы і да змяркання працавалі, каб пракарміць малых, з дзяцінства і рабят прывучалі дапамагаць па хатняй гаспадарцы.
1941 год для Валянціны і яе родных стаў вельмі трагічным. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, фашысцкія карнікі акупіравалі раён, голад і страх быць забітымі вельмі палохалі. А 7 ліпеня таго ж года Валя з сястрой і братамі страцілі самага любімага чалавека: нечакана памёрла матуля. Чацвёра дзяцей засталіся з бацькам. Калі ішлі баі за вызваленне раёна, немцы спалілі дом Котавых, жылля ў той дзень пазбавіліся многія жыхары Цейкавіч. Жылі яны ў склепе. У 1944 годзе сям’ю Котавых напаткала яшчэ адно непапраўнае гора – памёр бацька. Дзеці засталіся круглымі сіротамі.
Аднойчы Кірыла Пракопавіч Арлоўскі з жонкай Таццянай Васільеўнай, якая з’яўлялася роднай цёткай Валі (матуліна сястра), запрасілі яе да сябе ў госці і прапанавалі пажыць з імі, дапамагаць па хатняй гаспадарцы. Шчасце 15-гадовай дзяўчынкі было бязмерным: яна зноў займела сям’ю.
Валюша была стараннай і паслухмянай, дапамагала Арлоўскім ва ўсім: палола агарод, наводзіла чысціню ў доме, гатавала. У 16 гадоў яна папрасіла Кірылу Пракопавіча дазволіць ёй пайсці працаваць на ферму. Маладой дзяўчыне даверылі найбольш адказны ўчастак – яна даглядала нованароджаных цялят ад высокапрадукцыйных кароў, якіх прывозілі ў калгас з розных куткоў былога Савецкага Саюза. Гадаванцы, па словах Валянціны Кірылаўны, былі для яе нібыта родныя дзеці: кожнага з соскі паіла, потым прывучала піць з вядра, перажывала, калі якое цяля захварэе. Усё блізка ўспрымала да сэрца.
Валянціна Рудакова (першая злева) падчас адпачынку ў Кіславодску.
Менавіта дзякуючы Кірылу Пракопавічу, упэўнена Валянціна Кірылаўна, яна жыве такое доўгае жыццё. Яшчэ ў маладосці, калі цяжка захварэла, пабывала на прыёме ў вялікай колькасці ўрачоў, але паставіць правільны дыягназ і назначыць ёй лячэнне ніхто не мог. Здароўе з кожным днём станавілася ўсё горш, і Кірыла Арлоўскі вырашыў везці Валю ў Маскву. Там за некалькі гадзін ёй поўнасцю правялі абследаванне і паставілі несуцяшальны дыягназ – няўроз сэрца. Там жа ў сталіцы купілі ўсе неабходныя лекі, і Валянціна нібыта нанава нарадзілася… Разам з Арлоўскімі яна неаднойчы пабывала на адпачынку ў санаторыях, дзе і падмацавала здароўе так, што сэрца і да цяперашняга часу не турбуе болем.Жанчына з усмешкай успомніла выпадак, калі аднойчы ёй трэба было прайсці лячэнне, сваіх гадаванцаў яна даверыла толькі мужу, які часова перайшоў на яе працоўнае месца.
Жыццё ў доме Арлоўскага і цёткі Таццяны Валянціна Кірылаўна ўспамінае з цеплынёй у голасе: яны замянілі ёй бацькоў, клапаціліся пра яе, як пра родную. У яе было самае прыгожае і моднае адзенне, якое Арлоўскія прывозілі з розных паездак.
У доме Валянціны Кірылаўны на ганаровым месцы стаіць фотаздымак маленькай дзяўчынкі з Кірылам Пракопавічам Арлоўскім. Аказалася, што на фота – яе дачка Таццяна. У свой час яго зрабіў фотакарэспандэнт газеты, якіх да вядомага старшыні калгаса прыязджала мноства.
Дарэчы, у Таццяны Мікалаеўны шмат прыемных успамінаў пра дзядулю, якім яна лічыла Кірылу Пракопавіча. Нягледзячы на даволі строгі і патрабавальны характар, дзяцей ён вельмі любіў. Пляменнікі жонкі былі для яго як родныя. Кожны раз, вяртаючыся са шматлікіх камандзіровак, ён абавязкова вёз ім гасцінцы, а дзятва чакала яго вяртання побач з домам на лавачцы.
Памятае жанчына і частыя сустрэчы Кірылы Пракопавіча са школьнікамі. Падчас адной з іх, калі яна вучылася ў 4 класе, ён паабяцаў рабятам, што праз год яны будуць навучацца ў прыгожай, прасторнай новай школе, дзе пабудуюць спартыўную залу, сталовую, светлыя класы. Школьнікі ўважліва слухалі, але ім было складана ўявіць, што такое хутка спраўдзіцца. Але Арлоўскі стрымаў сваё слова, у пяты клас Таццяна з аднакласнікамі, а таксама сотні мышкавіцкіх рабят пайшлі ў новую школу, на будаўніцтва якой былі выкарыстаны і ўласныя грошы старшыні калгаса.
Дачка Валянціны Рудаковай Таццяна Мікалаеўна з партрэтам, на якім яна ў 5-гадовым узросце з К.П.Арлоўскім.
і з сямейнага архіва.Сваё сямейнае шчасце Валянціна Рудакова пачала будаваць у 1951 годзе, калі выйшла замуж за мясцовага хлопца Мікалая. Вяселле маладыя згулялі ў доме Арлоўскага, пра святочны стол таксама паклапаціўся Кірыла Пракопавіч з жонкай. Але галоўным падарункам стала ўласнае жыллё для маладых. Справа ў тым, што Кірыла Арлоўскі па суседстве з домам, дзе жыў, пабудаваў сабе новы, блочны, а гэты за сімвалічную плату, як таго патрабавала дамоўленасць у калгасе, выкупілі Рудаковы. У гэтым доме, дзе прайшлі шчаслівыя гады яе юнацтва, сямейнага жыцця, Валянціна Кірылаўна жыве і зараз.
Разам з мужам Мікалаем Васільевічам яны выхавалі двух дзяцей: дачку і сына, дапамаглі ім стаць “на ногі”, выгадавалі ўнукаў.
Гаспадар дома ўсё жыццё адпрацаваў у калгасе сталяром. Яго вырабы з драўніны і дагэтуль прыносяць карысць многім гаспадыням. Чаго толькі ён ні майстраваў: у свой час у калгасным санаторыі была дзяжа для выпечкі хлеба, якую зрабіў Васільевіч, як яго паважліва называлі аднавяскоўцы. У доме таксама ўсё зроблена яго рукамі, і дагэтуль ёсць рэчы, якімі Рудаковы карыстаюцца ў хатняй гаспадарцы.
Не без гонару Валянціна Кірылаўна адзначае, што адзін з яе ўнукаў пайшоў па дзедавых слядах: юнак атрымаў спецыяльнасць сталяра-чырвонадрэўшчыка і вырабляе з натуральнага прыроднага матэрыялу прыгожыя рэчы.
Мікалая Васільевіча не стала ў 2014 годзе, для жанчыны гэта – бясконцы боль. Успаміны пра мужа заўсёды выклікаюць на яе вачах слёзы…
Валянціна Кірылаўна лічыць сябе вельмі шчаслівым чалавекам: удзячная лёсу за тое, што ў яе быў такі цудоўны муж, а ў дзяцей – клапатлівы бацька, які з’яўляўся падтрымкай і апорай ва ўсім.
Зараз жанчына агорнута ўвагай і клопатам дзяцей і ўнукаў. Дачка Таццяна з мужам жывуць у Бабруйску, але практычна ўвесь час знаходзяцца ў Мышкавічах, даглядаюць Валянціну Кірылаўну. Таццяна Мікалаеўна 40 год свайго працоўнага жыцця прысвяціла галіне аховы здароўя. Зараз строга назірае за здароўем матулі. Сын з сям’ёй жыве ў Мінску, яны таксама частыя госці ў яе доме.
На пытанне, ў чым жа сакрэт яе даўгалецця, Валянціна Кірылаўна сціпла адзначае, што ніякіх асаблівых парад у яе няма, проста трэба радавацца кожнаму новаму дню, з павагай ставіцца да людзей, з любоўю – да родных, працаваць з душой і жыць у гармоніі з навакольным светам. А яшчэ, упэўнена жанчына, не так важна, колькі год чалавек пражыве, а важна – як, які след пакіне пасля сябе, якую памяць…
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА