Найти тему

Некалькі ўрокаў крэўскай гаворкі

Не ведаю, праўда гэта, ці толькі прыгожая патрыятычная выдумка, але даводзілася чуць, што беларуская мова па меладычнай прыгажосці прызнана другой у свеце пасля італьянскай. Чытаў недзе, што адзін з важнейшых крытэрыяў пры вызначэнні мілагучнасці – колькасць слоў у мове, якія заканчваюцца галосным (на адкрыты склад, як сказалі б мовазнаўцы). Чым больш такіх слоў – тым вышэйшае месца займае мова ў рэйтынгу меладычнай прывабнасці.

Аспрэчваць лідарства мовы італьянскай паводле гэтага паказчыка не будзем – у ёй пераважная колькасць слоў сапраўды заканчваецца галосным гукам. Многія нават не ведаюць, што, да прыкладу, звыклыя для нашага вуха назвы італьянскіх гарадоў Рым, Мілан, Неапаль, Турын жыхарамі Апенінскага паўвострава вымаўляюцца як “Рома”, “Мілано”, “Наполі”, “Торіно”...

Пра беларускую мову таксама шмат гаварыць не буду – я сапраўды веру тым, хто вылічыў, што ў ёй слоў з адкрытым складам на канцы больш, чым у той жа рускай.

Спынюся ж я на крэўскай гаворцы. Калі б яе нейкім цудам пачалі лічыць за мову, то адбылася б неспадзяванка: у рэйтынгу меладычнай прыгажосці беларуская літаратурная мова вымушана была б саступіць сваё месца менавіта ёй і перайсці на трэцюю пазіцыю. Бо менавіта імкненне завяршаць словы галосным гукам – адна з прыкметных “фішак” гаворкі жыхароў нашых мясцін.

Тэкст мой не прэтэндуе на навуковасць, таму я не буду даваць чытачу перавод слоў і выразаў з мясцовай гаворкі ў транскрыпцыі. Проста падам іх у двукоссі ў выглядзе, які найбольш дакладна перадае іх гучанне. Націск буду вылучаць курсівам. Тоўстым шрыфтам пазначу месцы з асаблівасцямі, пра якія вядзецца гаворка. У квадратныя дужкі буду браць магчымыя варыянты пры вымаўленні.

Урок першы: асаблівасці крэўскага дыялекту

Памятаю, як у дзяцінстве безвынікова спрабаваў перавучыць бацьку, каб той казаў “касманаўт” замест “касманаўца”. Толькі цяпер я зразумеў, што гэта была не бацькава памылка пры вымаўленні новага і не зусім зразумелага слова, а прытрымліванне няпісаных правілаў мясцовай гаворкі, якія засвойваліся, кажучы вобразна, з малаком маці. Згодна з імі пабудаваны і іншыя падобныя словы, чутыя мною не толькі з вуснаў бацькі: “артыста”, “гарманіста”, “арганіста”, “камуніста” (як варыянт, гэтыя словы маглі вымаўляць і з “ы” на канцы замест “а”). Шэраг можна працягваць: “прымака” замест “прымак”, “швагра” замест “швагер”і г. д. З’ява трансфармацыі слова са з’яўленнем галоснага на канцы адгалоскам прысутнічае і ў літаратурнай мове, дзе існуюць варыянты падобных слоў з закрытым складам на канцы і з адкрытым: майстар – майстра, краязнавец – краязнаўца і г. д.

Вось яшчэ некалькі прыкладаў падобнай трансфармацыі, заўважанай у мясцовай гаворцы : “світэр” – “свэтра” ці “швэдра”, “бензін” – “бяньзіна”, “керасін” – “карасіна”, “здань” – “зданьня”, “ложак” – “ложка”, “наводаль” - “наводля”, “наўпрост” – “наўпраста, наўпрасткі”, “заранёў” – “зараня”, “галопам” – “галяпа”, “горан” (кавальскі ачаг з мяхамі і паддувалам) – “гарно”, “падворак” – “падворка”… Такую ж асаблівасць нярэдка набываюць мужчынскія імёны, што заканчваюцца на зычны, асабліва пры іх збегу: ”Ляксандра”, “Пётра”, “Якуба”, “Аркадзя”... І нават да назваў населеных пунктаў з фінальным зычным у нас таксама любяць дадаць галосны: “Смургоні”, “Валожына”, “Лоска”, “Мінска” і г. д. Адметна, што пры набыцці галоснага неадушаўлёныя назоўнікі могуць памяняць свой род, напрыклад: “шэрая швэдра” (жаночы), “староя Лоска” (ніякі).

Іншы спосаб пазбавіцца завяршэння слова зычным – проста адкінуць яго: “зараз” - “зара”, “мусіць” (напэўна) - “мусі”, “ёсць” - “ё”, “чый” - “чы” і г. д. Імкнучыся завяршаць словы адкрытымі складамі, мае землякі часам уступаюць у канфлікт з граматычнымі правіламі беларускай мовы.

Яшчэ болей шанцаў абагнаць беларускую літаратурную мову ў рэйтынгу меладычнай прыгажосці было б у крэўскай гаворкі пры ўмове ўлічвання і слоў, што пачынаюцца з зычных. Наогул, уласныя словы нашай гаворкі вельмі рэдка пачынаюцца з галосных. У маім даволі вялікім слоўніку крэўскай дыялектнай лексікі іх адзінкі. Выключэнне складаюць словы на “а” – іх крыху больш. Нежаданне пачынаць назоўнік з галосных прывяло да яшчэ адной асаблівасці крэўскага дыялекту. Часам першы галосны прападае нават у агульнаўжывальным слове: [а]гарод, [а]гурок, [а]ладкі, [а]палонік, [і]голка, [і]накшы, [э]маліраваны, [я]шчэ... Пры гэтым не выключаны і іншыя падладжванні слова пад мясцовую гаворку: напрыклад, замест “алюмініевы” ў нас скажуць “люмінявы” ці “ліменявы“.

Існуе яшчэ адзін, хоць і не зусім тыповы, спосаб “прыглушыць” галосны ў пачатку слова – замяніць яго на ётавы. Напрыклад, у нас скажуць “яграст”, а не “агрэст”, “ераплан” [“яраплан”], а не “аэраплан”.

Агульнае правіла, калі пры збегу зычных у пачатку слова дадаюцца прыстаўныя галосныя “а” ці “і”, у нас не дзейнічае. Відаць, перавага тут аддадзена няпісанаму правілу не пачынаць слова з галоснай. У нас скажуць не “іржавы”, а “ржавы”, не “іржышча”, а “ржышча”, не “імша”, а “мша”. А вось слова “імгла”, каб пазбавіцца збегу ажно трох зычных і каб не пачынацца з галоснай, набыло тут наступную форму - “мыгла”.

Словы, якія ў іншых славянскіх мовах пачынаюцца з галоснага, у беларускай часта “прыкрываюцца” прыстаўнымі зычнымі “в” і “г” (гарэх, возера, вуліца…). У нашай жа гаворцы гэта адбываецца яшчэ часцей. У патоку мовы пасля галоснага нярэдка дадаецца гук “в” да слоў, якія ідуць услед і пачынаюцца таксама з галосных: “у Вамэрыца” – у Амерыцы, “у Вашмяне” [“у Вашмянах”] – у Ашмянах, “у вагні” – у агні і г. д.). Магчыма, гэта таксама робіцца, каб пазбегнуць празмернага спалучэння галосных. Хаця варыянт кшталту “картачка з Вамэрыкі” таксама сустракаецца.

У беларусаў ужываць прыстаўныя зычныя, відаць, закладзена самой прыродай. Неаднойчы назіраў, як нават малыя дзеці робяць гэта самастойна і без патрэбы, кажучы “зёсь” замест “ёсць”, “зя” замест “я” і г. д. А аднойчы на аўтавакзале ў райцэнтры быў сведкам наступнай забаўнай гутаркі паміж маладой маці і яе маленькім сынам, які толькі вучыўся гаварыць. “Ваўтобус”, - казаў хлопчык у бок аўтобуса. “Не “ваўтобус”, а “аўтобус”, - раз за разам спраўляла яго маці, але той упарта стаяў на сваім: “Ваўтобус”. “Аў-тобус, “а” спераду, а не “в”, - дабівалася свайго маці. Нарэшце, малы знайшоў кампраміс, вымавіўшы: “Аваўтобус”.

Калі казаць пра інтанацыю крэўскай гаворкі – а гэта таксама адзін са складальнікаў меладычнай прыгажосці мовы, то ахарактарызаваць яе вельмі цяжка. Пэўнай заканамернасці, здаецца, тут няма, аднак яна вылучаецца сваёй спецыфікай і своеасаблівай мелодыкай. Здараецца, менавіта па ёй пазнаюць крэўскіх.

Інтанацыя крэўскай гаворкі ўвабрала ў сябе рысы, якімі валодаюць самі жыхары Крэва: крыху фанабэрыстасці і з’едлівасці, крыху нерашучасці і недаверу. Нешта засталося ў спадчыну ад гаворкі крэўскіх яўрэяў. У цэлым – моўны паток няспешны, больш працяглае вымаўленне націскных галосных, асабліва калі трэба перадаць здзіўленне або нешта пераўдакладніць. Злосць жа ці абурэнне могуць перадавацца больш працяглым вымаўленнем некаторых зычных: “Раззявяка!”, “Варрона!” І калі ў слове “сьвіня” няма нават намёку на падоўжаны “н”, то размова ідзе пра свойскую жывёліну, а вось калі яно гучыць як “сьвіньня”, - то гэта можа быць абразай.

Што тычыцца націску ў словах, то тут таксама маецца шэраг спецыфічных момантаў. Калі ў літаратурнай мове ён мае варыянты пастаноўкі, то ў нашай мясцовасці хутчэй выберуць той, дзе не трэба вымаўляць “о”: не “высока”, а “высака”, не “глыбока”, а “глыбака”, не “вядома”, а “ведама”, не “раніцой”, а “раніцай”, не “хлопец”, а “хлапец” і г. д. І нават калі не існуе варыянтаў, некаторыя словы ў нас вымаўляюць са сваім націскам, прычым часам мяняецца іх гукавы склад: не “наважаць”, а “наважаць”, не “квашаніна”, а “квашаніна”, не “ліпа”, а “ліпа”, не “курыца”, а “курыца”, не “вузел”, а “вузёл”, не “ядловец”, а “ядлавец” ці “ялавец”, не “сёлетні”, а “сялетні”, не “незадоўга”, а “нізадаўга”, не “цвёрды”, а “цьвярды”... У некаторых выпадках на пазіцыю націску ў нашай гаворцы паўплывала, магчыма, польская мова: у нас могуць сказаць не “гультай”, а “гультай”, не “шкада”, а “шкода”.